Такі супярэчлівы верасень



Восень прыйшла назаўжды – не адкруцішся! Прахалодны верасень падкінуў пару новых гарачых тэмаў… І чамусьці пра скандальную гісторыю з гомельскай настаўніцай, звольненай за хамскія паводзіны, пачынаеш думаць менавіта ў звязцы з датай 17 верасня. Пра ўсё гэта беларусы найболей азартна, актыўна ды агрэсіўна дыскутуюць менавіта ў сеціве. Мы ўвогуле дастаткова смелыя, каб змагацца ў інтэрнэце, а вось абараніць свае правы ў рэальным часе пабойваемся… Зрэшты, гэта тэма асобная, не будзем паглыбляцца.

17 верасня 1939 года для Польшчы і палякаў адназначна – акупацыя. Што гэта дата значыць для беларусаў? Калі цытаваць дзяржаўную прэсу, можам не раз згадаць пафаснае слова «ўз’яднанне» і прачытаць: «…па распараджэнні савецкага ўрада Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу, каб узяць пад сваю абарону жыццё і насельніцтва Заходняй Беларусі». У Варшаве ўжо былі іншыя «абаронцы». Моцныя дзяржавы пра Польшчу забыліся, а пра Беларусь увогуле ніхто не згадваў… Так, фармальна мы атрымалі сваю дзяржаву – БССР… А насамрэч палова бедных і змучаных родзічаў з халоднага барака змаглі ўбачыць тых, хто жыў трохі лягчэй, цяплей, сытней, бліжэй да Еўропы… Праўда, хтосьці трапіў у Сібір адразу ж пасля ўз’яднання. Ці трохі пазней.

У канцы 1980-х пачатку 1990-х дзеда Валодзю здзіўляла адна рэч. Даюць зямлю, даюць зямлі, колькі хочаш! А ніхто не бярэ з маладзейшых – не хочуць! А ён ужо не мог. І параўноўваючы сваё жыццё пры Польшчы, Саветах і ў незалежнай Беларусі найлепшым лічыў першы варыянт. Быў малады і здаровы – так! Але разумеў, што калі вучышся і працуеш, то і мець нешта будзеш. Вучыўся дзед 5 зімаў, бо быў старэйшым сынам у шматдзетнай сям’і і дапамагаў прадзеду на сваёй зямлі працаваць. Вучыцца любіў, шмат вершаў ведаў на памяць. Мы іх лічылі народнымі, але ж не! Гэта былі вершы Францішка Багушэвіча. І яшчэ дзед заўжды паважаў працу мясцовых настаўнікаў і лекараў. Не раз жартаваў, што заробку настаўніка на карову хапала.

Жарты жартамі, але павага да прыватнай уласнасці і магчымасць набыць карову за настаўніцкі заробак не пусты гук для павагі настаўніка ў грамадстве…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ