Такія розныя блогеры… Такі аднабаковы дыскурс



Быць незалежным у сучасным свеце не роўна быць самотным. Пытанне, з каго браць прыклад і на каго арыентавацца! Варта арыентавацца на лепшых, але маем, што маем.

У сувязі з гэтым зірнем на далёкага ўсходняга сябра ды ўсходніх суседзяў зусім побач… Паназіраць за кітайскім сецівам бывае пазнавальна… Там з’явіўся новы трэнд – блогеры не на зарплаце, што зацята падтрымліваюць генеральную лінію партыі. І быццам зграя ваўкоў нападаюць на тых, хто зрабіў крок улева. Або ўправа. У прыватнасці, калі пісьменніца Фанг Фанг апісала першапачатковы этап выбух каронавірусу ва Ухані, то была літаральна зацкаваная так званымі “цзы гань у” – тымі самымі патрыятычна настроенымі блогерамі. Фанг Фанг абвінавацілі ў тым, што яна здрадзіла сваёй дзяржаве і ачарніла палітыку партыі і ўраду. А вядучы медыцынскі эксперт Чжан Вэньхун трапіў пад прэс пасля сваёй заявы, што Кітаю прыдзецца навучыцца жыць з ковідам. Сучасныя хунвэйбіны маюць падтрымку зверху і вялікую колькасць падпісчыкаў, што дазваляе ім зарабляць сотні тысячаў долараў у год на рэкламе. Няблага аплочваецца “правільны” курс… А ёсць жа яшчэ армія троляў “вумао” – яны непасрэдна зарабляюць на прапагандзе.

Можна быць фрылансерам, а можна быць у штаце – яшчэ не зразумела, што выгадней у фінансавым плане! Зрэшты, хто да чаго здатны і хто на каго вучыўся. Паўсюль, спадарства, маюцца свае нюансы, але паспрабуйце згадаць пра Плошчу Цяньаньмэнь або рэпрэсіі ў дачыненні да уйгураў – і вы зразумееце, у якую кітайскую сцяна маўчання або агрэсіі вы трапіце. Дзяржаўныя СМІ, “цзы гань у” і “вумао” пруць адзіным фронтам, быццам танкі па той самай плошчы Цяньаньмэнь, ствараючы “размову” і прасоўваючы адзіны хэштэг.

Тым часам расейская пракуратура спрабуе знішчыць адну з самых аўтарытэтных праваабарончых арганізацый – “Мемарыял”. І гэта таксама барацьба дзяржаўнай прапаганды з балючай праўдай і памяццю пра тую дзяржаву, спадчыннікамі якой яны вырашылі стаць. Спадчына СССР – спадчына чэкістаў?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ