Танкі бруду не баяцца?



Інтэрнэт-партал Tut.by распавёў чарговую гісторыю простага чалавека. Прыгарад Бабруйска. Вёска Бярозавічы. Лета.

Просты хлопец Саша Гасіч… Сашу 26 год, і яму няпроста перамяшчацца ў прасторы. Пасля перанесенай у дзяцінстве нейраінфекцыі ён дрэнна размаўляе і зусім дрэнна ў прасторы перамяшчаецца. Родныя Сашы набылі дом у вёсцы, каб ён мог дыхаць свежым паветрам і хадзіць па ваколіцах. Хадзіць – гэта вобразна сказана: хлопец вандруе ля вёскі на электравазку. Вазок сям’я набыла за свае грошы. І вось у сярэдзіне лета «машынка» зламалася ў чарговы раз, бо дарога дрэнная, грунтовая – дробныя камяні не раз траплялі па ёй, псуючы то механіку, то электроніку… У адзін цудоўны момант вазок зламаўся зусім. Рамонт патрабуе 400-500 рублёў. Саша вырашыў дамагацца ля сваёй вёсачкі асфальту і распавёў пра гэта ў сацыяльных сетках… Мясцовыя ўлады не пагаджаюцца на асфальт – грошай на гэта няма! Да таго ж ідзе газіфікацыя і хутка ўсё адно ўсё перарыюць!

Гісторыя тыповая на першы погляд, але ёсць у ёй адзін нюанс, важны-незаўважны для вока незаангажаванага ў праблеме вазочнікаў чалавека.

Яшчэ раз. Дарога. Вазок. Фотарэпартаж… Фота, што ілюструюць праблему, паказваюць нам нармалёвую дарогу. Так, грунтоўка, але грунтоўка прыстойнага выгляду, без ямаў… Што яшчэ бачым? Электравазок яўна беларускай вытворчасці. Нязручны, няспрытны, без амартызатараў… На ім і па асфальце ехаць небяспечна! Аналагічная грунтовая дарога не стала б праблемай для любога імпартнага электравазка сярэдніх магчымасцяў і такога ж кошту, але… Беларусы ў асноўнай сваёй масе грошай на імпартныя вазкі не маюць. Падаткі беларусаў ідуць у тым ліку і на вытворчасць нікому не патрэбных – няспрытных і цяжкіх! – інвалідных вазкоў, якія не могуць праехаць па беларускіх дарогах. Вось такая дзіўная логіка нашага жыцця.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ