Таварыш Кім
Чалавек сыходзіць – сістэма застаецца. Менавіта гэта адбылося ў Паўночнай Карэі.
10 год таму Пхеньян масава бедаваў з нагоды сыходу правадыра Кім Чэн Іра, але за гэтай залеваў паказных слёз, пэўна ж, цеплілася надзея на перамены да лепшага: улада пераходзіла па спадчыне да маладога Кім Чэн Іна. Надзеі на добрыя перамены не спраўдзіліся. Трэці прадстаўнік дынастыі працягваў абраны курс. Для пачатку ён расстраляў пару сотняў патэнцыйных канкурэнтаў, а потым упадабаў небяспечную цацку – зброю масавага знішчэння. Простых паўночных карэйцаў застаецца адно шкадаваць. Схільнасці да дыктатуры яўно перадаліся ў спадчыну… А здавалася, малады чалавек, які вучыўся ў Еўропе і любіў лыжы ды баскетбол, будзе іншым! Не, абсалютная ўлада – занадта моцны наркотык.
Шчаслівыя перабежчыкі ў Паўднёвую Карэю могуць даваць інтэрв’ю замежным СМІ і жыць нармалёвым жыццём у нармалёвых умовах, але іх родныя засталіся ў лагеры за калючым дротам. Маладыя людзі збягаюць – пажылыя тата і мама застаюцца ў турме. Бацькі адказваюць за дзяцей. Гэта адбываецца не толькі ў страшнай Паўночнай Карэі, але і зусім побач… Не, мы не будзем разважаць пра айчынныя рэаліі – гэта навіновая павестка ўжо стаміла многіх. Зірнем на суседзяў.
Суд Ненецкай аўтаномнай акругі прысудзіў тры гады турмы пенсіянеру Юрыю Жданаву (https://www.bbc.com/russian/news-59697576 ). Яму 68 год. 9 месяцаў спадар Жданаў ужо адсядзеў за кратамі і сцвярджае, што “справа па махлярстве і службовых злоўжываннях” – помста за сына Івана Жданава, прыхільніка апазіцыянера Аляксея Навальнага.
Праваабарончая арганізацыя “Мемарыял” прызнала Юрыя Жданава палітычным вязнем. Сын адказвае за бацькоў. Бацькі адказныя за дзяцей… І гэта нармалёва – пры здаровай сітуацыі ў грамадстве.