Тэксты і людзі



Газета „Менская праўда” выпусціла карыкатуру на каталіцкіх святароў са свастыкамі замест крыжоў. Першая паласа. Новы градус прапаганды? І што далей? І што будзе з рэдакцыяй? Няўжо – суд? Безумоўна, не. Чыноўнікі рознага рангу адмежаваліся ад такога опусу, але ўцямных прабачэнняў ад рэдакцыі – проста прабачэнняў! – не прагучала.

Возьмем іншую краіну – старую добрую Англію. Там адзін малады грамадзянін дазволіў сабе зашмат “тэматычнага” чытва. Маладога чалавека цікавіў выраб выбухоўкі, а таксама неанацысцкая літаратура. І ён дазволіў сабе распаўсюд экстрэмісцкіх і тэрарыстычных матэрыялаў… І мог атрымаць за ўсю гэтую справу рэальны турэмны тэрмін, але суддзя вырашыў даць маладому чалавеку шанец і прысудзіў яму чытаць Шэкспіра, Дыкенса ды іншых класікаў. Гэта не жарт. Да 4 студзеня хлопец можа чытаць, разважаць пра жыццё, думаць над сваімі паводзінамі… А зімой будзе выступаць у судзе са справаздачай.

Было б проста шыкоўна, каб ва ўсіх нас быў шанец пачытаць, падумаць і зрабіць работу над памылкамі. Адна справа калі твае праблемы – гэта толькі твае праблемы… Зусім іншае – праца журналіста. Тут паболей уплыву і адказнасці, але многія акулы пёркаў пішуць і пішуць пасквілі, не думаючы ні пра людзей, ні пра суд, які ўвогуле забороніць працаваць са словам ды прымусіць перачытаць класіку беларускай літаратуры. І замежная не зашкодзіла б!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ