Тэст на пачуццё гумару



Прамінулы тыдзень падкінуў прыгаршчу дзіўных навінаў па тэме “Помнікі”.

Гісторыя першая. Шаснаццацігадовы хлопец на бягу даў кухталя помніку “Менскага гарадавога” ў сталіцы. Ох, не варта было гэта рабіць, хлопча! 21 стагоддзе на дварэ – відэаназіранне ніхто не адмяняў. Тым болей, у такім “рэжымным” месцы – побач са славутай “Валадаркай”. Тым болей, пасля гісторыі з анархістам Касінеравым… Дрэнны настрой? Маеш права, але… Не тут.

Прасцей набыць баксёрскую грушу, бо ў Беларусі міліцыя цябе аператыўна знойдзе і прымусіць перад усім белым светам… Выбачайце – інтэрнэтам! Прабачэння прасіць. Пасля прафілактычных маралізатарскіх (ці душаратавальных?) размоваў Арсень выбачаецца перад міліцыяй і перад помнікам. Міліцыя залівае ролік на ютуб. Хваля выбачэнняў перад самымі рознымі помнікамі свету – ад Джульеты да дзядулі Леніна – разліваецца па сацыяльных сетках.

Ідзем далей. Гісторыя другая. Ужо другі хлопец вырашыў “сагрэць” той самы помнік гарадавому шалікам ды сфатаграфавацца з ім. Да хлопца падышлі міліцыянты і пачалі размову пра парушэнне заканадаўства. Па-першае, нельга шалікам саграваць помнікі. Па-другое, нельга з імі, у шалік закручанымі, фатаграфавацца. Па-трэцяе, вось гэты канкрэтны гарадавы ахоўваецца дзяржавай, а таму… Нельга, зусім нельга пазычаць яму свой шалік (свэтрык і пальчаткі – тым болей!) і фатаграфавацца з ім.

Хлопца з шалікам забралі, перапісалі пашпартныя дадзеныя і душэўна паразмаўлялі. Відэа дадзенага “злачынства” тым не менш трапіла ў інтэрнэт з подпісам “Схадзілі пашкадаваць беднага гарадавога, якому так цяжка стаяць у гэты час на вуліцы нашай сталіцы”. Лістапад. Холадна.

Пачуццё гумару? Не, не чулі. Між тым яно ратуе ў халады ўсіх. Нават тых, хто вымушаны ахоўваць гарадскія скульптуры ад страшных злачынцаў (з шалікамі і без іх).

Беларускае Радыё РАЦЫЯ