Тое, пра што нельга казаць…
«У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй…» – гэта фармулёўка даволі часта гучыць сёлета ў Беларусі. Гучыць сур’ёзна і даволі загадкава, бо якая яна – наша эпідэміялагічная сітуацыя? У вёсцы і ў горадзе – ёсць розніца? Дзе-што-як-калі-колькі?
Вось у Залессі на Смаргоншчыне заўжды весела адзначалі Купалле – з 6 на 7 ліпеня. Сёлета было ціха… Сёлета (з-за эпідэміялагічнай сітуацыі!) Купалле 6-га не гуло. Перанеслі на 18-га. Раённая газета «Светлы шлях» анансуе праграму мерапрыемства: рамеснікі, майстар-класы па народных спевах, гульні, танцы, вогнішча да неба… Галоўнае – у Залессе «Стары Ольса» прыязджае! Пяць год таму гурт ужо быў тут на Купаллі – было здорава! Пра каронавірус тады ніхто і падумаць не мог… Здарылася ж такая непрыемнасць!
У 2020-м – у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй – мы святкуем Купалле 18 ліпеня. Дзіўныя рэчы, праўда? Зрэшты, гэта ўжо і не Купалле, а проста Open air «Купальскія ігрышчы» ў паркавай зоне мясцовага Дома культуры. Open air – гэта выйгрышны варыянт у нашай незразумелай сітуацыі. І гурт класны прыедзе, які шмат выступаў раней адмяніў з-за той самай няпростай сітуацыі, і раённае штогадовае мерапрыемства пройдзе па плане… Але ў які бок пойдзе далей «крывая» хваробы ў асобна ўзятай вёсцы? Не зразумела.
Нават «Славянскі базар» не адмянілі, то чаму іншыя святы павінны адмяніцца? Жыццё ж працягваецца. Лета ў разгары. Ночы кароткія. Усё так, але давайце нарэшце прызнаем: справа сур’ёзная і кожны з нас робіць свой выбар – захоўваць дыстанцыю або не, ісці або застацца дома. Не будзем ігнараваць праблему і лічыць, што перанос даты мерапрыемства дапаможа палепшыць тую самую эпідэміялагічную сітуацыю. Не дапаможа.