Торбы
Ці прыдзе другое бабіна лета ў Беларусь? Пытанне многіх цікавіць з-за анамальна нізкіх вераснёўскіх тэмператур, нечаканых менавіта з-за папярэдніх анамальна высокіх. Народныя прыкметы кажуць пра такую магчымасць, але ж пажывем – пабачым!
Цэнтральнае ацяпленне ўжо пачалі запускаць, як і масавую вакцынацыю ад грыпусу… Бог не роўна дзеліць – гэта праўда! То горача, то холадна за вокнамі, у свеце прыроды і чалавечых адносінаў… Але нейкі баланс на сусветным узроўні, пэўна ж, існуе, раз мы ўсе разам усё яшчэ ляцім да зораў… Бадай, восенню самы час – паразважаць пра халады, антыдэпрэсанты ды… экалагічнасць?
Так, менавіта тэма экалагічнасці прыходзіць у твой дом пры атрыманні чарговай паштовай бандэролі. Ты замаўляеш у адной папулярнай інтэрнэт-краме дэтэктывы, касметыку, кантактныя лінзы, нататнікі і вясёлыя шкарпэткі – усё тое, што робіць жыццё больш цёплым і дадае насычаных фарбаў, колераў, пахаў… Дык вось тое, што сагравае ўвосень, – шкарпэткі! Пяць параў арыгінальных і ўтульных шкарпэтак. У пластыкавай упаковачцы кожная. І кожная (!) пара ў дадатак ляжыць у асобным пластыкавым пакеце. Яно зразумела, што лінзы, кнігі, касметыка – тавары рознага ўзроўню, і іх варта абараняць ад залішніх судакрананняў, але шкарпэткі? Яшчэ больш здзіўляе, калі на тваю заўвагу ў стандартнай форме пасля атрыманых тавараў папулярная інтэрнэт-крама рэагуе аператыўна і па-беларуску: “Спадзяемся, што ў далейшым у нас будзе магчымасць ўлічыць вашу прапанову і дапрацаваць варыяцыі ўпаковачных пакетаў” Прыемна! Пачынаеш думаць, што на штосьці можаш уплываць… Попыт нараджае прапанову!
Тым часам на дзяржаўным узроўні толькі ўзяліся за экалагічнасць: абавязалі гандаль прапаноўваць не толькі пластык, але і паперу. Экалагічныя торбачкі – наша ўсё. У часы татальнага савецкага дэфіцыту такія на ўсіх родзічаў шыла наша баба Маня… Хто з імі не хадзіў? Не шанавалі, што мелі, – простыя моцныя торбы. Сапраўдныя, быццам жыццё ў вёсцы, дзе ніхто ніколі не меў часу думаць і разважаць пра надвор’е.