Трапілі ў рэйтынг



Беларусы ў чарговы раз трапілі ў парачку цікавых рэйтынгаў – пра гэта нельга не пагутарыць, праўда ж? Рэйтынгі – рэч цікавая і займальная, шматварыянтная! Асабліва ў справе злоўжывання алкаголем. Тут мы, на шчасце, ужо не першыя. І нават не ў першай дзясятцы. Што ж здарылася?

Здарылася рэч дзіўная і неверагодная! Сусветная арганізацыя аховы здароўя выдала сваю справаздачу – і беларусы апынуліся ўжо не на 2-м, а на на 27-месцы ў свеце па ўжыванні алкаголю на душу насельніцтва. “Душа насельніцтва” – чалавек з 15 гадоў.

Першае месца ў гэтым сумным рэйтынгу шкодных звычак заняла Малдова, другое – суседняя нам Літва, а трэцяе – Чэхія. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя беларусы выпіваюць 11,2 літра. Малдаване – 15,2. Тая ж Сусветная арганізацыя аховы здароўя сцвярджае, што бяспечная для здароўя папуляцыі мяжа – 8 літраў, так што парадавацца змяншэнню выпітага мы можам (мо, і варта?), але ўсё роўна з “дарогі дэградацыі” не сышлі… Тым болей, сусветныя ды айчынныя рэйтынгі не ўлічваюць самагон, сурагат і мясцовых бабулек-дылерак, якія будуць заўжды – пакуль будзе попыт на пітво!

Стаім і думаем, куды пайсці? Тыя, каму ўжо ёсць 15, але не намнога больш, яўна пойдуць вучыцца кудысьці – абітурыенцкая кампанія крочыць па краіне сваім няўмольных ходам… І вось тут мы падыходзім да іншага рэйтынгу: дзве беларускія ВНУ трапілі ў сусветны рэйтынг, які штогод публікуе фірма Quacquarelli Symonds. Рэйтынг прэстыжны. На першым месцы – ужо не першы год! – Масачусэцкі тэхналагічны інстытут. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт заняў 354-е месца (адразу пасля Лонданскага ўніверсітэта), а Беларускі нацыянальны тэхналагічны ўніверсітэт знаходзіцца дзесьці паміж 800 і 1000-й пазіцыяй. Абедзве ВНУ трапілі ў 1000 – гэтаму можам парадавацца… Але яны нават не ў першай сотні. Зрэшты, БДУ ў гонцы лідараў абышоў Маскоўскі інстытут міжнародных адносін, што папросту прыемна!

Радуемся поспехам і працуем над сабой? Здаровы лад жыцця і вучоба сёння – прафілактыка многіх сур’ёзных праблемаў заўтра! Хвілінка пафасу прайшла. Ідзём далей!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ