Тры ў адным, або пару словаў пра здаровы лад жыцця і махлярства



Надыходзяць святы – Каляды і Новы год… Самы час выбіраць падарункі!

Адным з лепшых падарункаў для бацькоў ці бабуляў, дзядуляў можа стаць фітнэс-бранзалет. Здаровы лад жыцця – фішка модная. І ваш клопат пра здароўе старэйшых людзей у сям’і не будзе навязлівывым, наадварот – нагадае ім пра здаровы лад жыцця, шпацыры, прабежкі… І толькі потым – пра артэрыяльны ціск ды пэўныя праблемы. Важна знайсці мадэль, што кантралюе і дадзены паказчык ды супакойвае ўжо вашы нервы. То ідзём у сеціва, шукаем, набываем… На жаль, сярод процьмы мадэляў фітнэс-бранзалетаў менавіта з танометрам не знаходзіцца. Няма ў Беларусі. Не бяда – набудзем звычайны якасны бранзалет! Хай сабе і без танометра, затое стылёвы і моладзевы – своеасаблівая нагадвалка бацькам пра шпацыры, прагулянкі, прабежкі на свежым паветры!

Тым часам, гугл не спіць і падсоўвае кантэкстную рэкламу тых самых рэчаў і з’яваў, якія цябе нядаўна (хай сабе і на пару хвілін!) зацікавілі. Ці то палітыка, ці то кава, ці то здаровы лад жыцця… Карацей, шаноўныя пенсіянеры, якія лянуюцца прагугліць пытанне, набывайце бранзалет здароўя толькі ў нас! І будзе вам шчасце, і будзе вам зніжка, і будзе танометр у камплекце ўсіх патрэбных опцый! Але маем пару асаблівасцей.

Па-першае, вы аплочваеце бранзалет пры атрыманні. Добра? Безумоўна. Праўда, у руках новую “цацачку” патрымаеце ўжо пасля аплаты. І раптам штосьці не спадабаецца, прыйдзецца пакінуць свае прэтэнзіі пры сабе – разам з “цацачкай”.  Па-другое, мадэль бранзалета на сайце прадаўца не пазначаная. Вам тэлефануе аператар – пытаеце. Хм, дзіўныя справы – сеціва падказвае, што гэта мадэль танометра не мае! Аператар стаіць на сваім – мае! Вы кажаце – падумаю і ператэлефаную, дзякуй! І цудоўна ведаеце, што не – ніякіх тэлефанаванняў прадаўцу без нармалёвых гарантый і звестак пра сябе самога на сайце не будзе. Ідзем за падарункамі ў правераныя месцы, начытаўшыся ў дадатак благіх водгукаў пра інтэрнэт-махляроў з “цудадзейнымі” бранзалетамі, што выдаюць няправільныя паказчыкі.

Беражыце сябе і сваіх родных! Грошы – таксама.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ