Трымайцеся, людзі! Хутка лета…
Люты-2018 выклікае супярэчлівыя пачуцці: ужо здавалася, што вясна вось-вось прыйдзе і мы маем справу з анамальна цёплай зімой, але зноўку спрацаваў закон захавання энергіі.
Прасцей кажучы, зіма сваё возьме нават увесну! Пэўны час павінна памарозіць – трымайцеся, людзі! Градуснікі і смартфоны працягваюць пужаць мінусавой тэмпературай… Думайце пра лета – гэта сагравае! Пазітыву дадаюць і некаторыя падзеі ў краіне ды свеце.
Пасля трох год высылкі ў Беларусь вярнулася праваабаронца Алена Танкачова. У 2015 фармальнай прычынай для дэпартацыі сталі пяць учыненых на працягу года правапарушэнняў. Маецца на ўвазе неаднаразовае, але нязначнае перавышэнне хуткасці. Праваахоўнікі вырашылі бараніць беларускае грамадства ад такога “жаху” – і спадарыні Алене прыйшлося пажыць у Вільні вызначаны тэрмін. Вільня – гэта ж побач, амаль дома. Вярнулася. Спадзяецца атрымаць беларускае грамадзянства… Хочацца верыць, што ў Беларусі пацяплее настолькі, каб была магчымасць даць грамадзянства юрысту, які абараняе правы людзей… Гэта ж не злачынства насамрэч?
Пад самы фінал зімовай Алімпіяды мы такі вырваліся наперад і займаем цяпер 13-е месца ў агульным медальным заліку. Дзякуй жаночай зборнай па біятлоне – дзяўчаты выігралі эстафету! Золата! Мы абышлі не толькі Польшчу і Расею, але і… Многіх – пералічваць не будзем. Парадуемся? Але ж саліднае брытанскае выданне The Guardian напісала пра Дар’ю Домрачаву як “пра былога агента КДБ” і нават вынесла гэта ў загаловак… І насамрэч, нашы спартоўцы “замацаваныя” за рознымі “профільнымі” міністэрствамі ды ўстановамі… Або былі замацаваныя… І насамрэч не зусім прыгожа… А можа, хопіць гэтай хваробы – беларускага самаедства? Брытанцаў мы ў медальным заліку таксама абышлі – гэта раз. Выйграў бы супраоўнік МІ6 – нават дзеючы – суайчыннікі яўна не рвалі б сэрца ў пакутах. Так што парадуемся алімпійскім медалям, а The Guardian хай парадуецца добрай статыстыцы заходаў на сайт дзякуючы гучнаму загалоўку.
Трымайцеся, людзі, бо ў супярэчлівай краіне мы жывем. Затое цікава.