Ці будзе цяжкім ваш панядзелак?



Ці будзе цяжкім ваш панядзелак 13-га жніўня, залежыць не толькі ад вас, але і ад таго, як складуцца зоркі… Зрэшты, жнівеньскія зарапады – з’ява прыгажосці надзвычайнай…

То не лянуйцеся, падыміце вочы ад гаджэтаў і зірніце на зоркі. Загадайце пабольш добрых жаданняў. Прыйдзе новы дзень… І за вамі не прыйдуць… Калі пашанцуе. Бо акрамя вашых магчымасцей ды ўсемагчымых зарападаў, ёсць яшчэ адна з’ява, што ад вас не залежыць. Можам назваць яе законам подласці, але больш правільнае слова тут – “крывадушнасць”. Разгледзім такую сітуацыю: ты працуеш з пірацкай версіяй той ці іншай кампутарнай праграмы (звычайная рэч у нашых шыротах!), а твая каляжанка – працуе таксама, але менавіта яна пажалілася шэфу на тваю “недобранадзейнасць”. Ты губляеш працу і плаціш штраф або ўвогуле ў турму трапляеш. Фэнтазі? Не, схематычна ўсё неяк так і адбываецца. Мае рацыю той, хто пажаліўся першы. Туды, куды трэба. На што заўгодна.

На Полаччыне жанчына з-за рэўнасці падпаліла кватэру сваёй знаёмай. Была пры тым у стане алкагольнага ап’янення. Была ўпэўненая ў адсутнасці людзей у кватэры… На шчасце, так яно і было: алкаголь прысутнічаў – гаспадыня жытла са сваімі дзецьмі адсутнічала. Суседзі аператыўна патушылі пажар – дзякуй ім за гэта! Трохі была пашкоджана маёмасць – дробязі жыцця! Але “суд Полацкага раёна і горада Полацка прызнаў жанчыну вінаватай у наўмысным пашкоджанні маёмасці і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу”. Цытата з газеты “Звязда”. Прумусовае лячэнне і штраф у 830 рублёў “бонусам”. Вяртаючыся да першай гісторыі.

Паставім на месца пацярпелай пацярпелую з гісторыі нумар адзін. Згадаем крывадушнасць “каляжанкі. Не забудземся пра справу журналістаў… Суд мог бы вырашыць: пацярпелая ёсць вінаватай. Бо занадта разумная і прыгожая.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ