Ці патрэбен нам Збігнеў Жакевіч і яго «Віленскі трыптых»?
Выданне кніг талакой робіцца традыцыяй. Хочаш мець дзіцячы або дарослы тэкст на роднай мове? Перакладай, збірай грошы, выдавай – і будзеш мець!
Збігнеў Жакевіч – аўтар няпросты, той аўтар, што даўно распачаў свой шлях да беларускага чытача, але на шляху гэтым сустракае шмат перашкодаў. Пашанцавала яму толькі з фанатам-перакладчыкам: Таццяна Кляшчонак даўно «хварэе» на прозу беларускага Муракамі і спрабуе яго выдаць. Тэкст падрыхтаваны, пратэставаны на чытачах і адшліфаваны. Пытанне з аўтарскімі правамі вырашанае. Зацікаўлены выдавец знойдзены. Справа ў фінансах. Для выдання «Віленскага трыптыха» трэба сабраць авансам палову неабходнай сумы. Пакуль маем толькі 16%. 450 старонак «высокамастацкай настальгічнай прозы ў стылі арт-нуво» на добрай паперы з ілюстрацыямі чакаюць сваёй сустрэчы з беларускім чытачом… «Віленскі трыптых» расказвае пра падзеі на Смаргоншчыне ў 1939-1946 гадах, пра жыццё і лёс адной шляхецкай сям’і, якая не паспела збегчы ад савецкай улады ў верасні 1939 года. Сям’я Жакевічаў павінна была трапіць у высылку ў Казахстан. Бацька пісьменніка да 1939 года працаваў дарадцам у графа Тышкевіча ў Ізабэліне пад Маладзечнам – той яшчэ «кампрамат»! Пашанцавала – засталіся дома. Чаму? Асобная гісторыя ды іронія лёсу.
Жакевіч, быццам мастак-імпрэсіяніст, малюе ў прозе фантасмагарычныя карціны жыцця на мяжы – жыцця ў Заходняй Беларусі розных часоў. Піша пра Залессе – чыгуначную станцыю, сядзібу Агінскага… Мы знаёмімся з апошняй уладальніцай маёнтка Міхала Клеафаса – пані Жэброўскай і з апісаннем двух мемарыяльных пакояў князя, якія яна стварыла ў палацы. Мімаходзь бачым і прывід самога князя… Аўтар не пазбягае тэмы савецкай і польскай партызанкі, лёсу мясцовых габрэяў і мясцовай адміністрацыі, што дзейнічала ў Залессі і Беніцы пры немцах.
Творчасць Жакевіча – шанец адчуць і пачуць тую Заходнюю Беларусь, тую гістарычную Віленшчыну, якую мы назаўжды страцілі ў віхурах гісторыі. Пытанне, ці скарыстаем такі шанец: грошы збіраюцца вельмі марудна. Чакае свайго часу і апошняя аповесць Жакевіча – «Гданьскія Смаргоні». Гісторыя сустрэч са смаргонцамі, якія пасля другой сусветнай вайны трапілі ў Польшчу.