Ці скончацца ў беларускіх школах настаўнікі?
“Што будзе, калі ў нашых школах скончацца настаўнікі?” Дзіўнае пытанне.
Дзіўнае толькі на першы погляд пытанне ад пісьменніцы Яўгеніі Пастэрнак. Адно са шматлікіх пытанняў, справакаваных нядаўнім інтэрв’ю міністра адукацыі Ігара Карпенкі і ўсімі нашымі школьнымі праблемамі ўвогуле. Пытанне, якое па сутнасці папярэднічала петыцыі (https://petitions.by/petitions/4000 ) з прапановай адмяніць школьныя і перанесці ўступныя іспыты ў сувязі з эпідэміяй каронавірусу.
Петыцыю – зварот да кіраўніка дзяржавы і адкрыты ліст у Міністэрства адукацыі – падпісалі амаль 10 тысяч чалавек… Ці пачуюць іх у адпаведных інстанцыях? Наўрад ці. Па-першае, гэта занадта вялікая крамола – прызнаць, што школьныя іспыты па вялікім рахунку сталі фармальнасцю, асабліва для тых, хто будзе паступаць у ВНУ і здаваць ЦТ. Па-другое, каб быць пачутымі, трэба казаць гучней. На жаль, малавата 10 тысячаў подпісаў, улічваючы колькасць вучняў, настаўнікаў, бацькоў, дзядуляў з бабулямі (самая зацікаўленая катэгорыя падпісантаў!) Дзе яны ўсе? На што спадзяюцца і пра што думаюць? “Кабы чего не вышло”? Сярэдняя гарадская “паралель” – гэта прыкладна 100 вучняў (уключаем матэматыку і падлічваем колькасць усіх зацікаўленых асобаў…) Згадваецца стары, добры “жарт” пра 100 тысячаў на плошчы ў сталіцы, але ж мы не пра палітыку, не? Мы не займаемся палітыкай – яна сама займаецца намі шчыльна, актыўна, і ўжо даўно… Дык вось не пра палітыку.
Спакойная і адказная праца настаўнікаў, дыстанцыёнка саматугам, звароты, лісты, самастойная праца дзяцей, высілкі адказных бацькоў у плане хатняга навучання – усё гэта нікога не цікавіць. Ні вучні, ні настаўнікі, ні рызыка выйсці на новы віток эпідэміі. Дзяржаўнай машыне патрэбныя вінцікі – іх хапае. Зломіцца адзін? Заменім іншым. У нас даўно праблемай з’яўляецца чалавек думаючы. Няма такога чалавека – жыць спакайней. Рыхтавацца да выбараў, працаваць у полі, у гародзе, на заводзе… І не трэба ўскладняць. Жыццё працягваецца.