Ці ёсць жыццё на пенсіі?



Бясконца, быццам пра беларускі ліпеньскі дождж, можна разважаць яшчэ і пра беларускія кошты: цыгарэты, бензін, прадукты… Ці лепш пра пенсіі паразмаўляем? Усё важна.

То бок пачнем з таго, шаноўныя, што здаровы лад жыцця заўжды прыносіць дывідэнды. Абыякавасць да тытуню сёння можа ашчадзіць вам 10 капеек штодзень са жніўня месяца, а праз дзясяткі гадоў – яшчэ больш, калі згадаем пра сур’ёзныя хваробы лёгкіх (і не толькі іх…) Многія пенсіянеры абураюцца, што грошай на жыццё не хапае, лекі дарагія і г. д. Даражэнькія, дыхальныя практыкаванні і ёга – наша ўсё! Мноства бясплатных урокаў і лайф-хакаў на ютубе – да вашых паслуг! Няма інтэрнэту і ютуба? Варта было падумаць пра гэта раней… Зрэшты, згрызоты сумлення не дадаюць ні спрыту, ні маладосці, таму бярыце гаджэты ў растэрміноўку ды сёрфіце сабе на здароўечка! Не будзе дэфіцыту зносінаў, затое будзе забяспечаная прафілактыка Альцгеймера, калі дойдзеце да судоку, крыжаванак і вывучэння замежных моваў… Яшчэ весялей жылося б нашым пенсіянерам, каб яны маглі падарожнічаць на цягніках па сваёй краіне з Гародні ў Віцебск, напрыклад… Са зніжкай 80%. Не дзіўна, што адна знаёмая літоўская спадарыня ў 80 год часта наведвае родзічаў у Беларусі пры такім раскладзе.

А што там чуваць з падвышэннем пенсій? 7%? Насамрэч? Няблага, няблага… У тым выпадку, калі вы ашчадзілі здароўя з маладосці, не паліце, не злоўжываеце, маеце лецішча з бульбай, агуркамі, памідорамі, зелянінаў спажыўна-вітаміннай  і… можаце падпрацаваць. Лецішча або падпрацоўка на пенсіі робяць жыццё значна больш пазітыўным, але… Ёсць адно “але”. Сацыяльная пенсія інвалідам 1-й групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, складзе 254 рублі пасля падвышэння ў жніўні. 254 рублі – гэта 112 еўра. Часцей за ўсё ні ашчадзіць здароўя такія людзі не могуць (яго проста няма), ні грошай зарабіць (мала магчымасцей для інклюзіўнага працаўладкавання). Параўнаем з памерам літоўскіх пенсій па інваліднасці… Ад 400 да 800 еўра. Не на нашу карысць параўнанне, асабліва згадаўшы суседскія даплаты да пенсій на бензін, камунальныя паслугі або інвалідны вазок.

Можна доўга параўноўваць, хто лепш жыве, але прасцей паехаць ды пабачыць. Вось толькі грошы і здароўе не ва ўсіх маюцца на падарожжы нават да суседзяў у Літву. Такое сабе замкнёнае кола сансары айчыннага пенсіянера. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ