Турысты-авантурысты



Па версіі TripAdvisor сярод самых папулярных мясцінаў свету ў 2019-м годзе першае месца заняў рымскі Калізей, а другое – парыжскі Луўр. За імі адразу ідуць музеі Ватыкана… І што тут заўважаеш? “Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой” – спадар Караткевіч меў рацыю! Дзе б ты ні быў, заўважаеш паўсюль штосьці сваё, адметнае.

Жаданне ўбачыць Лондан або Парыж, мора або горы, нават само жаданне выбірацца з дому і падарожнічаць – справа індывідуальная і непаўторная. Усё залежыць ад вас саміх. Грошы, здароўе і кампанія – справа другасная, тое, што можна знайсці, калі маеце настрой змяняць далягляды, калі адчуваеце драйв перад паездкамі… Вазочнік-падарожнік – ужо не навіна, але лагічна, што ён павінен знайсці безбар’ерны маршрут. Няма такога? Стварыць новы.

Адным з узораў паспяховага праекта, звязанага з падарожжамі вазочнікаў і ўвогуле з падарожжамі для людзей з інваліднасцю, з’яўляецца праект Святланы Нігматулінай “Падарожжы мары”. Света запрашае з сабой тых, хто шукае кампанію і безбар’ерныя маршруты. Доўгі час падарожжы былі захапленнем і хобі для гэтай спадарыні з Калінінграда, а потым яна зрабіла іх справай жыцця і сваёй працай. Спачатку Света едзе ў Рым, а потым вязе туды групу турыстаў – усё лагічна. Было б здорава ўбачыць такі праект не толькі ў прыбалтыйскім горадзе, дзе так шмат жыве беларусаў, але і ў самой Беларусі непасрэдна. Ок, цяпер размова пра Італію. У тым самым Ватыкане маем шыкоўную сістэму пандусаў, а Ватыкану тым часам амаль дзве тысячы год.

Улічваючы анамальныя тэмпературы для нашай зімы і тое, што ў Італіі даходзіць да плюс 20, можна смела ехаць у Рым, а вось з беларускімі музеямі ўсё цяжэй… Хоць ім далёка да Луўра ці Ватыкану ў плане старажытнасці і каштоўнасці экспанатаў. Ды і мэты няма такой – бачыць у сваіх сценах розных турыстаў. Хопіць сярэднестатыстычных! Навошта нашым музейшчыкам турысты-авантурысты?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ