У адной краіне…



У адной цудоўнай краіне аднойчы пад канец года здарылася амаль што рэвалюцыя, але год скончыўся не ёй, а іншымі “справамі”. Такая ўжо краіна была цікавая.

Адразу пасля спробы рэвалюцыі тут надарыўся дзень змагароў з усемагчымымі рэвалюцыямі і пераменамі. Па праўдзе, такія змагары кажуць, што змагаюцца адно за закон, бяспеку ды правапарадак… Што б там ні было, але рэшта года прайшла ў стылі змагання свабоды і “правапарадку”. Хтосьці за штосьці змагаўся, а хтосьці быў супраць. Хтосьці рыхтаваўся Новы год адзначаць насуперак шэрым часам, а хтосьці сядзеў у месцах не вельмі аддаленых і марыў хоць дадому трапіць, раз ужо са свабодай… не атрымалася. Але трымалі іх моцна.

Розныя былі гісторыі. Па іроніі лёсу ў той самы дзень, калі прафесійнае свята адзначаюць тыя самыя спецслужбы, адзначецца і Міжнародны дзень салідарнасці людзей. Адзначаецца з 2006 года па рашэнні ААН. Чыста тэарэтычна ўсе нармалёвыя (адэкватныя?) людзі па розныя бакі барыкадаў павінны праяўляць салідарнасць. Спачуваць, разумець, дапамагаць адзін аднаму. Пасля Плошчы 2010-га многія людзі ў Беларусі і па-за яе межамі сталіся людзьмі і праявілі тую самую салідарнасць. Людскасць. Перадачы, лісты, тэлефанаванні – тое, чым можна было дапамагчы ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Усё гэта праявілася па максімуме ў той час.

Прачнешся пахмурнай зімовай раніцай 20 снежня (ужо 2018-га!) і разумееш, што нічога не змянілася. Разам можна вырашыць многія праблемы: экалагічныя, сацыяльныя, палітычныя… І дзякуючы хвалі беларускай салідарнасці, падтрыманай разумнымі людзьмі ва ўсім свеце, ужо сёння можна зберагчы прыроду пэўнага рэгіёну, дапамагчы хворым людзям атрымаць патрэбныя лекі або абараніць чалавека, якога хочуць выкінуць як мага далей за межы той самай дзіўнай краіны… Так і жывем. Новы год на парозе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ