Усе адносна або пару слоў пра жыллёвае пытанне



У Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды парадавалі: “Да 25 градусаў цяпла чакаецца ў Беларусі ў выходныя”. Адаграваемся!

І ўсё ж застацца на вуліцы – у любое надвор’е! – няпроста. Гаворка ідзе пра тых людзей, якія страцілі сваё жытло па розных прычынах… Думаеш пра гэта ў сувязі з чарговай фэйсбучнай дыскусіяй па тэме высялення людзей з кватэры па прычыне вялікіх камунальных даўгоў. Маўляў, які жах – чалавека выкідаюць на вуліцу! У Беларусі, у цэнтры Еўропы.

Так, у Беларусі могуць выселіць чалавека з кватэры за камунальныя запазычанасці. У тым выпадку, калі кватэра не была своечасова прыватызаваная. Такіх гісторый нямала, на жаль. Усе грамадзяне Беларусі ў пачатку 1990-х атрымалі чэкі “Жытло” і “Маёмасць”, але не ўсе іх разумна скарысталі ды перааформілі.

Хтосьці прадаў і набыў пару кіляў грэчкі – дэфіцытны па тым часе прадукт! А хтосьці за свае чэкі “Жытло” прыватызаваў савецкую кватэру. Хтосьці з гаспадароў тых савецкіх кватэраў не паспеў гэтага зрабіць і быў вымушаны ўзяць крэдыт пад невялікі працэнт – гэта таксама выйсце. А хтосьці пасля смерці бацькоў, што атрымалі кватэры ад дзяржавы ў часы СССР (цалкам заслужана, дарэчы, тут нельга казаць пра нейкую міфічную халяву!) працягваў жыць у гэтых кватэрах… Забываючыся плаціць за газ, ваду, электрычнасць. Даўгі раслі. І ў адзін цудоўны момант прыходзяць судовыя выканаўцы і таварышы-камунальнікі. Кажуць: “Хлопец, збірай рэчы”.

І вось гэтага “хлопца” пад сорак – з камунальнымі даўгамі, даўгамі па аліментах і крэдытах – выкідаюць на вуліцу. Давайце яго пашкадуем… Ці лепш пашкадуем яго дачку, якая з-за алкагалізму і разбэшчанасці абодвух бацькоў трапіла ў інтэрнат? Ці зможа ёй дзяржава ў ейных 18 прадаставіць сацыяльнае жытло, як належыць па законе? Вось гэта пытанне, што не можа не турбаваць насамрэч.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ