Усе хваробы ад нерваў



Навукоўцы не раз даказвалі, што аптымізм вырашае многія праблемы і лекуе самыя цяжкія хваробы. І гэта надае аптымізму, але паўсюль ёсць нюансы. Асабліва ў фінансах.

Вось і высокія інфляцыйныя чаканні беларусаў маюць сваёй першапрычынай… псіхалагічны фактар. Пра гэта распавёў у сваім дакладзе кіраўнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банка Дзмітрый Мурын. Гутарка пра справы фінансавыя ішла на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка і падсумоўвала грашова-крэдытную палітыку за студзень — сакавік 2018 года.

Спадар Мурын адзначыў: паводле апытанняў насельніцтва і кіраўнікоў прадпрыемстваў інфляцыйныя чаканні зніжаюцца досыць павольна. “Пры гэтым бягучая і чаканая інфляцыя больш чым у два разы перавышае яе фактычны ўзровень” – газета “Звязда” працягвае цытаваць банкаўскага начальніка. Паспрабуем зразумець сэнс дадзенага сказа! Чаканая інфляцыя больш чым у два разы перавышае яе фактычны ўзровень – гэта зразумела! Маўляў, беларусы такія песімісты, што прыдумалі сабе рост коштаў? У такім выпадку яны і ўзровень сваіх заробкаў могуць падвысіць, праўда ж? Усё ў нашых руках, спадарства – падвысім свае чаканні!

Вяртаемся да выказвання банкаўскага чыноўніка. Чытаем уважліва яшчэ раз! Бягучая і чаканая інфляцыя больш чым у два разы перавышае яе фактычны ўзровень… То бок бягучая інфляцыя не ёсць інфляцыяй рэальнай, фактычнай? Арыгінальная фармулёўка або эзопава мова? Што гэта было? Ідзем далей, чытаем “Звязду”: “…людзі схільныя пераносіць рост цэн па асобных, найбольш значных для іх, з пункту гледжання спажывання, таварах і паслугах на агульны рост цэн у эканоміцы”.

І тут зноўку прыходзім да таго, што на макраўзроўні ў нас усё добра, а вось мікраўзровень адстае. Усё цудоўна, спадарства, толькі чамусьці прадукты дарагія ў крамах і ў сямейным бюджэце “дзюркі”. Што ж адбываецца з эканомікай? Або гэта ў беларусаў слабыя нервы?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ