Усміхайцеся!



Маразы мацнеюць – кошты растуць! Тут няма ніякай прамой залежнасці, проста надвор’е і кошты – паспяховыя ньюс-мейкеры нашых дзён, яны заўжды моцна трымаюць увагу айчыннай аўдыторыі. Не паспрачаешся.

Прычынай таго ці іншага пахаладання (пацяплення) можна назваць той ці іншы цыклон (антыцыклон), а як быць са зменай коштаў у бок падвышэння? У чым прычыны дадзенай з’явы? Хіба – сталы “штопар” нашай шматпакутнай народнай гаспадаркі? Але ёсць і іншыя, больш арыгінальныя версіі. Нацбанк зрабіў справаздачу і патлумачыў значны рост цэнаў на тавары і паслугі ў канцы 2020 году. За апошні квартал 2020 года інфляцыя склала 7,4%, а не запланаваныя 5%. Прычыны? Паслабленьне курсу рубля (нечакана, праўда?), высокія інфляцыйна-дэвальвацыйныя чаканні (а мы калісьці чакалі добрага ў гэтым фінансавым клімаце?), неўраджай пэўных відаў гародніны… Апошняе насамрэч цікава ў 21 стагоддзі, праўда?

Зрэшты, спецыялісты фінансавай сферы разбяруцца ў гэтых пытаннях лепей за простых смяротных. Простых смяротных філолагаў, журналістаў і іншых розных гуманітарыяў, якія любяць задаваць недарэчныя і нязручныя пытанні – псаваць жыццё сабе ды людзям… Простых смяротных – і гуманітарыяў, і тэхнароў – іншыя пытанні хвалююць. Простыя. Жыццёвыя. У прыватнасці, здароўе! То той, то іншы з тваіх родных або знаёмых хварэе то ковідам, то іншай нейкай трасцай, а кошты на лекі ў аптэках зноўку выраслі… Спецыялісты з Нацбанка сцвярджаюць – па віне вытворцаў.

Усміхайцеся, сябры, усміхайцеся! Гэта дапамагае змагацца на многіх жыццёвых франтах і калі не перамагаць, то выцягваць сябе з балота адчаю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ