Уся справа ў Google?



Еўрапейскі дзень моваў вядзе за сабой Сусветны дзень турызму і Дзень народзінаў пошукавай сістэмы Google… Свята Узвіжання ў праваслаўных хрысціянаў – таксама, хоць гэта ўжо зусім іншая тэма… Зрэшты, усе пазначаныя важныя даты і святы цесна звязаныя тэматычна і сэнсава з мовамі, спадарства!

Безумоўна, усім, хто падарожнічае, не зашкодзіць веданне моваў. Тым, хто працуе з турыстамі, мовы патрэбны яшчэ болей… Але нельга ігнараваць той просты факт, што мова дадзена нам Богам і з’яўляецца такой сабе фішачкай мясцовага прыроднага “дызайну” ды культурнага ландшафту. Беларусы гэта спрабуюць ігнараваць… Не ўсе – большасць… Па розных прычынах. І дайшлі мы да таго, што ААН прызнала беларускую мову мовай, якая знаходзіцца пад пагрозай, а Google нас увогуле “забаніў” і пахаваў. Чаму? Усё проста – мала беларускага кантэнту, няма паўнавартаснага офіса Google у Менску… Нас нявыгадна вывучаць, намі нявыгадна займацца, шаноўныя. Францішак Вячорка заўважае ў адным з апошніх сваіх інтэрв’ю, што «Google» не прапускае беларускамоўных рэкламных ролікаў на «YouTube» ды іншых сваіх платформах. Мала кантэнту ствараецца на гэтай мове – і яны спынілі падтрымку, перасталі наймаць людзей, якія вычытваюць дадзеную мову. Нас зусім не мала ў параўнанні з іншымі мовамі і дзяржавамі, але рашучасці, піяру і сваіх “лабістаў” Беларусі моцна не хапае.

І тут нельга не пагадзіцца з Франакам Вячоркам, які лічыць, што раз дзяржава не рупіцца пра прызнанне Беларусі асобнай тэрыторыяй (а не перыферыяй Масквы!), то рупіцца павінна грамадзянская супольнасць. Іншага выйсця проста няма. Пачынаецца з мовы, а заканчваецца тым, што ў Беларусі нельга набыць пральную машыну не расейскай, а польскай (як варыянт) зборкі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ