Усё і адразу



Айчынныя навіны з лёгкім, але яскрава акрэсленым незадаволеннем у бок даўніх партнёраў паведамляюць: “Страты Беларусі ад падатковага манеўру Расеі могуць перасягнуць 1 млрд долараў…” Насамрэч непрыемна страчваць такія прыбыткі. Гэта вам не крэдыты, традыцыйна дадзеныя нейкай там “Белоруссіі”, якія рэальнай Беларусі прыйдзецца вяртаць з працэнтамі! Гэта жывыя грошыкі, што жывыя беларусы страчваюць.

Ёсць мяжа любым двухбаковым саступкам… Нашы межы падчас не толькі засмучаюць, але і ратуюць наш бюджэт. Гэта цікавае слова “кантрабанда”… Партыя золата аж на палову мільярда беларускіх рублёў была затрыманая берасцейскімі памежнікамі.

Гісторыя зусім не новая, дакладней, іх дзве. Жыхар Пінска вяртаўся з Польшчы дадому і ў мытнай дэкларацыі “забыўся” згадаць пра ладны кавалак золата і залатыя ўпрыгожванні літаральна ў кішэнях. Такую ж самую схему скарыстала і зямлячка няўдаліцы-кантрабандыста. Праўда, яе схованка заважыла не на паўтары кілі золата – толькі на 54 г. Сціпленька, але ўсё роўна – камусьці страты ў хату, а дзяржаўнаму бюджэту – плюс.

Тым часам у Добрушскім раёне Гомельшчыны затрымалі іншы не менш цікавы груз… Побач з вёскай Селішчы была затрымана машынка, што везла з РФ у Беларусь аж 18 тон кавуноў. Беларускія мытнікі знайшлі шэраг парушэнняў пры афармленні дакументаў на “вітаміны”. Вынік – канфіскацыя тавару і часовы арышт фуры, што яго везла. Вядзецца следства, справа будзе накіраваная ў суд. Жыхарам Добрушскага раёна пашанцавала: у мясцовыя крамы вось-вось трапяць кавуны па зніжаных коштах. Дыетолагі рэкамендуюць есці іх менавіта восенню – варта прыслухацца да парад медыкаў, асабліва пры такіх спрыяльных эканамічных варунках.

Можа, нам згадаць пра межы з усходу? Увогуле – з усіх бакоў свету! Адразу столькі грошай у бюджэт з-за стратэгічтна-транзітнага становішча… Палова насельніцтва перакваліфікуецца ў мытнікаў, палова – у кантрабандыстаў, а суседзі ад нас усё роўна нікуды не дзенуцца… Жарт… Але ў кожным жарце ёсць доля рацыі.

І рацыя для беларусаў – у вельмі важным слове “ўзаемапавага” (як варыянт).

Беларускае Радыё РАЦЫЯ