Усё мае свой кошт
Навіновая палітра апошняга часу здзіўляе некаторымі цікавосткамі… Чытаеш пра тое, што Асмалоўку зносіць не будуць (дайшло ўрэшце да ўладаў, што гэта ўнікальнае месца сталіцы?!) – радуешся!
Сельгаспасёлак пакінуць – прыемна здзіўляешся!
Прыйшло разуменне важнасці такіх простых рэчаў, як атмасфернасць, экалагічнасць, прыватная ўласнасць? Мы падраслі, пасталелі, зразумелі, дамагліся? Часткова – так, але насамрэч усё мае свай кошт… Час – таксама! А час у нас аптымістычны і перадвыбарны. Сонца з’явілася, вясной запахла! Той самы час, калі палітыкі хочуць спадабацца грамадзе і робяць добры піяр пры самай дрэннай гульні.
Яшчэ адна неардынарная навіна апошніх дзён, спадарства… 30 студзеня прэм’ер-міністр Сяргей Румас унёс змены ў пастанову ўраду № 675 «Аб зацвярджэнні правілаў добраўпарадкавання мемарыялаў, помнікаў баявой славы, вайсковых пахаванняў і пахаванняў ахвяраў войнаў», прынятую 17 верасьня 2018 году. Цяпер юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі ня маюць права аказваць «паслугі забаўляльнага характару» ў месцах масавага пахавання людзей. Атрымліваецца, што і ў Курапатах цяпер зусім нельга планаваць нейкія забаўляльныя мерапрыемствы. Незаконна.
Што будзе надалей з забаўляльным комплексам «Поедем поедим», пабудаваным зусім побач з урочышчам Курапаты? Пакуль не зразумела, але прэсавы сакратар прэм’ера Ўладзіслаў Сычэвіч пацвердзіў “Радыё Свабода”, што дадзеная пастанова тычыцца і Курапатаў таксама.
Насамрэч усё мае свай кошт… Арганізатары Дня Волі збіраюць грошы на цывільнае правядзенне свята. На гэта патрэбны грошы (25 тысячаў долараў). Дзень Волі-2019 павінен прайсці на стадыёне “Дынама”. Свабода дорага каштуе. Нават свабода аднаго дня… Тым часам у Гародні зачынілі музей Васіля Быкава: не хапае грошай на арэнду памяшкання. Затое заўжды ў нашых шыротах – незалежна ад перадвыбарчай сітуацыі! – хапае грошай на помнікі Дзяржынскаму, Калініну ды іншым людзям, якія нічога добрага для Беларусі не зрабілі. Усё мае свой кошт… Скварка замест свабоды – таксама.