Усё вяртаецца… Гускі – таксама!
Бягучы год выйшаў на фінішную прамую і вось-вось прападзе з вачэй… Час падводзіць вынікі? У прыватнасці, пра некаторыя рэчы варта згадаць. І пра кнігі.
2019-ты парадаваў дзяцей і дарослых многімі кніжнымі навінкамі замежнай і айчыннай літаратуры. Чытаючы грунтоўныя літаратурныя абзоры, разумееш, што ўсё набыць немагчыма… Ты спрабуеш, безумоўна, але факт застаецца фактам. Пакуты душы.
Тым болей прыемна атрымліваць кнігі ў падарунак менавіта ў той час, калі гэтага не чакаеш – як працяг сустрэчы, вандроўкі, размовы… Гародня і Каложа – бадай, адно з самых моцных уражанняў прамінулай восені. І сустрэча з Данутай Янаўнаў Бічэль – заўжды радуюць яе светлы розум, гумар і неабыякавасць да людзей, іх справаў, праблемаў… Да цікавостак нашага жыцця, якое ўсё роўна ёсць падарункам… Дапамога хворым людзям і хрысціянскае разуменне іх слабасцей… Любоў да братоў нашых меншых… І кнігі.
Данута Бічэль выдала шмат кніг сама і пры дапамозе сяброў… Дапамагала падрыхтаваць да друку і выдаць кнігі іншых аўтараў (у прыватнасці, многія кнігі Алеся Чобата…) І вось чарговая кніга паэзіі Дануты Янаўны – “Гускі вяртаюцца”, напісаная “ў начных бяссоннях паміж ружанцовымі разважаннямі…”
Так, за нябеснымі перазагрузкамі Справы боскія са справамі людскімі… Злучаюцца гускамі… Гускі шэрыя, белыя, белахатыя, Вяртаюцца з выраю – На балота, дахаты…
Малітвы-медытацыі-вершы. Тут і шчымлівая пераклічка гусак над Гародняй, і самалёты, і знічкі, і вёска, і горад… Радзіна… Каложа і Нёман. Сон і ява.
На дрэвах мае анёлы Гукаюць са мной вясну… Калі ёсць у каго сумленне – у сумлення формула сну.