Усё як мае быць?
Вясна прыйшла ў Беларусь, і пранізлівы халодны вецер раптоўна палагаднеў…
Дзеці пакідалі ў хаце свае гаджэты і ўвесь дзень прабавілі на свежым паветры? Гэта сапраўдны маркер пераходу на цёплы сезон. Тым часам устрывожаных дарослых міністр адукацыі спадар Карпенка спрабуе пераканаць і супакоіць: даражэнькія, не варта хвалявацца з-за абноўленага адукацыйнага Кодэксу – вы ў сваім праве… Але зірнуць на навучальны працэс сваіх дзяцей зможаце толькі па графіку, прапанованым вашай непасрэднай установай адукацыі. Звычайная справа.
У Беларусі не хапае 2000 дактароў і столькі ж медыцынскіх сясцёр… Але ўсё нармалёва, у штатным рэжыме, запэўніў ужо міністр аховы здароўя спадар Піневіч.
Гадавіна тэракту ў сталічным метро. 10 год прамінула – час праляцеў даволі хутка. Вінаватыя пакараныя, загінулыя загінулі – тэрмін скаргаў і жалобы прамінуў. Усё ў штатным рэжыме. Праехалі.
У Беларусі спынілася рэтрансляцыя тэлеканал Euronews. «Белтэлекам» паведаміў на сваім сайце, што дамову з каналам не працягнулі. Прычыны? Версія Міністэрства інфармацыі – парушэнне заканадаўства аб рэкламе. Пры адсутнасці новай дамовы вяшчанне каналу з 12 красавіка спынілася. Раней канал уваходзіў у пакеты Zala і Smart Zala для беларускіх абанентаў. Усё як мае быць… Адзначылі Дзень касманаўтыкі!
Усё таемнае робіцца відавочным, шаноўныя дарослыя. Так маглі б сказаць дзеці… савецкія дзеці, якія чыталі “Денискины рассказы” Драгунскага ды іншыя кнігі. Савецкія дзеці, што не мелі інтэрнэту і мелі строгі ліміт на прагляд мультфільмаў.
“Ударим автопробегом по бездорожью!” – давайце ўвогуле забаронім усё заходняе? Наш варты адказ на ўсе магчымыя санкцыі. Не дацягнемся да Штатаў, то забаронім Euronews.