Ветэраны



Стаўленне да пажылых людзей – маркер для цывілізаванага грамадства. Стаўленне да ветэранаў другой сусветнай – падвойны маркер па той простай прычыне, што іх засталося зусім мала. Роўна 3337 чалавек па стане на 1 красавіка 2021 года паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны… І ўсе ж на ветэранах вырашылі ашчадзіць: стандартных аднаразовых выплатаў да Дня Перамогі сёлета не будзе. Маўляў, год не юбілейны – прычына знайшлася! Але, ёсць адно “але”.

Па-першае, ветэранаў у нас стала меней на 1469 чалавек у параўнанні з годам папярэднім – афіцыйная статыстыка. Тут і эпідэмія каронавірусу, якой у нас не было, і ўзрост, з якім не паспрачаешся… Па-другое, афіцыйная прапаганда і ў РБ, і ў РФ любіць гаварыць пра пачатак ВАВ менавіта ў 1941-м, забываючыся, што ўсё пачалося значна раней… То чым вам сёлета не юбілей, спадарства? Маем яшчэ адзін трагічны юбілей – 80 год нападу нацыстаў на СССР… Няўжо 22 чэрвеня грошы на ветэранаў з’явяцца? Наўрад ці.

Затое маем грошы на геліевыя шарыкі і феерверкі. Эколагі супраць, але каго гэта цікавіць? Ёсць грошы (і фантазія!) на пастаноўкі расстрэлаў. Недарэчны жарт? Не! “Тэатралізаванае прадстаўленне” пра спаленне вёскі Шунёўка нацыстамі прайшло ў Докшыцкім раёне. “Карнікі” і мясцовае насельніцтва (жанчыны, апранутыя ў старыя хусткі…) побач з актывістамі БРСМ ды “Белай русі” і на фоне дзяржаўных сцягоў.

Заўжды ёсць розныя варыянты развіцця падзей. Можна зірнуць на захад, а можна – на ўсход. Вось туркменскія ветэраны (іх колькасць засакрэчаная!) абавязаныя здаць грошы самім сабе на падарункі да 9 траўня. І потым гэтыя бедныя старыя людзі атрымаюць прэзенты ад прэзідэнта, імя якога цяжка вымавіць беларусу… Ананімныя крыніцы сцвярджаюць: не ўсе грошы ветэранаў пайшлі на падарункі ветэранам… Шыкоўная перспектыва росту для некаторых дзяржаваў, што глядзяць пераважна на ўсход.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ