Відэаназіранне ў кожную школьную сталоўку?



Вучыцца ў школе прасцей, калі ёсць магчымасць добра падсілкавацца паміж урокамі – гэта праўда! І тут заўжды спрацоўвае чалавечы фактар – таленты мясцовага кухара.

Падчас гэтыя таленты праяўляюцца зусім не ў школьнай сталоўцы: дзеці грэбліва адпіхваюць апрыёры нясмачную капусту (што можна зразумець – яе і дома есці не будуць!) ці тварожную запяканку, якая павінна была б быць нармалёвай, але… Штосьці не склалася. Тым часам у суседняй школе, дзе маецца такое ж самае фінансаванне, але кухар не забываецца пра асноўную сваю задачу – смачна карміць школьнікаў… Дык вось там усё смачна (і акуратна!) Важны момант – кантроль школьнай адміністрацыі. Карацей, параўноўваць можна! І ўсе параўнанні прыдуць да асобы і рэпутацыі кухара.

Ва ўсіх школьных сталовых Менска запланавалі паставіць сістэму відэаназірання з мэтай кантролю працэсу прыгатавання ежы. У нагрузку — стварэнне “чорнага спісу” нядобрасумленных працаўнікоў сталовак – такая сабе публічная дошка “не” гонару атрымаецца… Навіну агучылі днямі ў сталічнай мэрыі.

Ужо працуюць камеры ў некаторых школах Маскоўскага, Ленінскага і Фрунзенскага раёнаў сталіцы. Удакладняецца, што дырэктар школы мае поўнае права заўсці ў харчблок і пракантраляваць яго дзейнасць. З апошнім варта пагадзіцца на 100%, але першае… Вельмі цікава, адкуль з’явяцца грошы на татальнае відэаназіранне ва ўсіх школьных сталовых Менска? “Банкет” будзе аплочаны за кошт бацькоў вучняў або за кошт міфічных бюджэтных сродкаў зверху, якіх заўжды не хапае (унізе)?

Пытанняў больш, чымсці адказаў. І найлепшы адказ на пытанне якасці школьнага харчавання – добры заробак кухара і неабыякавасць з боку школьнай адміністрацыі. Татальны кантроль – вельмі дарагое задавальненне, якое наўрад ці ўжо пацягне беларускі бюджэт у сталіцы ды правінцыі, калі тая “падцягнецца”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ