Вось, скажуць, і дыплом табе!



Крэмзаеш паперу літаркамі ці малюначкамі? Пішаш музыку пад настрой? Жывеш гэтым? Пацуеш? Чысты дармаед, мяркуючы па пэўным указе пэўнага чалавека, што дзейнічае ад пэйнага часу ў вельмі няпэўнай краіне…

Калі ж сур’ёзна, то справа выглядае наступным чынам… Пачынаючы з 3 ліпеня тыя, хто афіцыйна не працаваў ад пачатку 2015 года, будуць прызнаны дармаедамі і ўжо з 1 студзеня 2016-га пачнуць атрымліваць паведамленні на аплату адпаведнага падатку.

Жахі! Але кіраўнік дзяржавы падпісаў іншы указ, што ратуе сітуацыю. Указ №251. Творчыя работнікі могуць атрымаць прафесійны сертыфікат і не аплачваць падатак, які будуць плаціць усе астатнія “фрылансеры”. І пяройдуць са стану вольных мастакоў у стан вольных мастакоў з пасведчаннем пра гэта!

У адпаведнасці з дэкрэтам №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» асобы, якія ажыццяўляюць творчую дзейнасць у якасці творчага работніка, прызнаюцца асобамі, якія “прымаюць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў”… Статус пацвярджаецца творчым саюзам, членам якога з’яўляецца творчы работнік… Вось тут узнікае пытаннечка! Маем два саюзы пісьменнікаў – які з іх статус пацвярджае аўтаматам?

Мабыць, калі ты не ў Саюзе са спадаром Чаргінцом, прыйдзецца разам з іншымі вольнымі мастакамі іспыты здаваць. Перад спецыяльнай камісіяй пры Міністэрстве культуры. Для таго, каб атрымаць адпаведны сертыфікат.  І гэта не жарт.

Чытаем уважліва дзяржаўную прэсу! Міністэрства культуры фарміруе экспертную камісію з прадстаўнікоў усіх (?) творчых саюзаў краіны. Камісію ўзначаліць першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга… Збяруцца тут працаголікі і будуць разглядаць заявы па пацвярджэнні статуса творчага работніка.

Прафесійны сертыфікат будзе выдавацца творчым работнікам бясплатна на працягу месяца ад дня падачы заявы. Дзейнічаць будзе на працягу 5 гадоў. Хочаце атрымаць такую важную паперу? Падавайце заяву шаноўнай камісіі, далучайце свае творы – і наперад! Атрымаеце індульгенцыю. Бясплатна. Прагрэс.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ