Вось такое кіно



Беларусам не хапае сонейка ды яркіх фарбаў – гэта факт! Ці можна знайсці натуральныя антыдэпрэсанты ў нашых шэрых шыротах? Безумоўна, але найлепшы сродак знайсці цеплыню ды сонца – паехаць за сонцам! То бок змяніць краявіды хоць на пару тыдняў.

На жаль, далёка не кожны суайчыннік можа рвануць у лета зімой і скіравацца на Балі ці Гаа, пагрэцца на сонейку, паспрабаваць заморскіх вітамінаў і даць нырца ў акіян. Зірнеш на справаздачы Белстату пра заробкі беларусаў, паглядзіш на жыццё рэальных людзей у рэжыме рэальнага часу і… Робіцца сумна. Мара пра Гаа аддаляецца.

Жыццё працягваецца насуперак эканамічным праблемам, спадарства! Вы не едзеце да Індыйскага акіяну? Затое да вас (да  нас) можа прыехаць Балівуд. Амбасадар Індыі ў Беларусі Саксена Панкадж расказаў, што адзін з вядомых індыйскіх актораў плануе зрабіць фільм пра Беларусь. Дыпламат лічыць, што ў стужцы можна паказаць беларускую прыроду і таленты нашых танцораў. У прыватнасці, заслугоўвае ўвагі беларускае “мора” – Нарач… Магчыма! Што ж тычыцца сюжэтнай разнастайнасці, то варта пагартаць хроніку здарэнняў на любым навіновым сайце – і знойдзецца нейкая дзіўная для вока індуса фішачка!

Напрыклад, днямі пад Менскам сутыкнуліся два таварышы, пазбаўленыя раней правоў кіроўцы. Нецвярозы кіроўца за стырном легкавога «Крайслера» для абгону выехаў на раздзяляльную паласу, дзе і сутыкнуўся з трактарам МТЗ, які ехаў спераду… Усе засталіся жывыя! Жыхар РФ нелегальна прыехаў у РБ са сваёй зброяй для нелегальнага ж палявання… Усе засталіся жывыя! У Магілёве канфіскавалі партыю нелегальнай спіртазмяшчальнай вадкасці расейскага паходжання… Усе засталіся жывыя!

Дадайце сюды фарбы і гукі індыйскага кіно – шыкоўна атрымаецца! У праватнасці, не горш за панылыя стужкі нашага “Беларусьфільму”. Дадайце драйву ў свае будні – уявіце індыйскія пачуццёвыя рытмы на фоне бульбы, буракоў ці падмарожанай кукурузы… Атрымалася? Можна ехаць у беларускі санаторый. Нарач вас чакае!  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ