Вы ў чарзе па сумленне не стаялі?



Увесь свет шкадуе Беларусь, якая засталася без інтэрнэту… І разважае, як гэта магчыма тэхнічна ў 21 стагоддзі. Магчыма. Варыянтаў шмат. Падчас выбараў так звычайна і здараецца ў нашых шыротах, але…

За апошнія 10 год падрасло не бітае пакаленне, якое не ўяўляе свайго жыцця без сацыяльных сетак, вайбера і магчымасці паглядзець што заўгодна онлайн. Трое сутак інфармацыйнай блакады – гэта ўжо занадта! І звычайны інэт-карыстальнік тэлефануе ў службу тэхнічнай падтрымкі правайдэра-манапаліста “Белтэлекама” – 123. Скажыце, калі ласка, чаму ўжо некалькі дзён няма сеціва? Па маім даволі дарагім тарыфе, за які я плачу даволі вялікія грошы? Адказваюць збянтэжана – дык ва ўсё рэспубліцы перабоі з сувяззю! Пытаюць у іх – прычыны? Чаму? Маўляў, усё Рэспубліка Беларусь мяне не цікавіць. Адказваюць спецыялісты ў 123 – знешняя атака! Ага! А што шараговаму карыстальніку рабіць? Хто аплоціць пару дзён без дзелавой і асабістай перапіскі?! Матэрыяльныя і маральныя страты? Не турбуйцеся, шаноўныя, вам зробяць пераразлік! Нервова заўважылі з іншага боку эфіру… Дзякуй! Праўда, ніхто ў гэтыя безінтэрнэтныя дні не забараняў грамадзянам марнаваць свае грошы онлайн. Кнігі? Ежа? А можа, аплата камунальных паслугаў у першай палове месяца? Без пытанняў.

Тым часам, поштай карыстацца было немагчыма, як і вайберам. У выніку многія камерцыйныя дамовы, перамовы, пастаўкі былі сарваныя. Добра, гэта дробязі жыцця!

Горш тое, што свежае паветра таксама лімітаванае і на вольныя шпацыры па сталіцы ды іншых гарадах накладзена эмбарга. У выніку людзі трапляюць за краты літаральна ні за што. Літаральна за пару хвілін… А за кратамі не тое што інэту – аптэкі няма. І лекі для затрыманых да суда не бяруць. Адна з такіх гісторый – Андрэй і Крысціна Вітушкі. Вядомая беларускамоўная сям’я. Андрэй – доктар-рэаніматолаг. Крысціне патрэбен інсулін, яна дыябетык. Перадайце людзям лекі – будзьце людзьмі! Няма тарыфу, па якім пераразлічаць сумленне… Ці вы за ім і не стаіце ў чарзе?

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ