Вясковыя пенсіянеры і зіма



Некаторыя пажылыя беларусы сталі радавацца жыццю на пенсіі: вывучаюць замежныя мовы, асвойваюць сучасныя тэхналогіі і падарожнічаюць па Беларусі ды Еўропе.

Жыццё на пенсіі толькі пачынаецца! Вольнага часу робіцца паболей – працоўныя дэдлайны не трымаюць за горла моцна… Чым не нагода ўбачыць Парыж ці Нясвіж ды жыць далей? На жаль, такая нагода і прыгода ёсць не ва ўсіх. Часцей людзям на пенсіі грошай хапае на аптэку ды аплату камунальных паслугаў. У вёсцы ж многія пажылыя людзі баяцца доўгай халоднай зімы і звязаных з ёй цяжкасцей. Халадэча многіх бабуляў і дзядуляў міжволі гоніць з роднай хаты! Няма ўжо сілаў ды спрыту нарыхтаваць дроваў, брыкету, а потым штодзень паліць у печы. Падводзіць памяць, калі ногі яшчэ ходзяць.

Прасцей кажучы, не стае сілаў на тое, што раней было простым і зразумелым. Хтосьці “ляціць у вырай” – у гарадскія кватэры, да дзяцей, унукаў… Да кагосьці дзеці прыязджаюць і дапамагаюць старым жыць у старой хаце. У кагосьці такой магчымасці няма – ці то дзяцей няма, ці то адносіны з імі не склаліся. Дом-інтэрнат не самы аптымальны варыянт, бо гэта канчаткова вырывае пажылога хворага чалавека з яго родных мясцінаў і стылю жыцця… Апошнім часам – пры пасрэдніцтве сацыяльных службаў і мясцовых уладаў! – з’явіўся новы трэнд: самотныя пенсіянеры на зіму пераязджаюць жыць у адну хату або кватэру. Мэта – перазімаваць і вярнуцца дадому.

Так газета “Звязда” піша, што жыхары Гарадзенскага раёна могуць перажыць зіму ў доме з усімі выгодамі. Роўна год таму для самотных пенсіянераў выдзелілі кватэру ў горадзе Скідзелі. Два пакоі для чатырох чалавек. На  засяленне могуць разлічваць адзінокія жыхары раёна і тыя, хто апынуўся ў цяжкім жыццёвым становішчы. Зазвычай гэта жанчыны, самі плануюць свой бюджэт, гатуюць ежу, наведваюць урача… За імі замацаваны сацыяльны работнік… Неблагі варыянт.

Хочацца верыць, што такое наватарства будзе мець поспех, бо зіма – перыяд няпросты.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ