Вясна ідзе – вясне дарогу!



Вясна ідзе – вясне дарогу! Пры ўсім пры тым не распранайцеся да шортаў – гэта вам не Нью-Джэрсі з іх плюс 17 градусамі па цэльсію 8 сакавіка… Напрыканцы тыдня пахаладае, магчымы снег, а на дарогах – галалёдзіца.

Нашым жынчынам настрой стварае не сонейка за вокнамі, якога не стае катастрафічна (такі сабе трэнд бягучага 2016-га!), а выключна ўнутраныя лямпачкі, набытыя за свае грошы папярэдне. Вобразна кажучы, але праўдзіва насамрэч.

Найлепшы сродак для добрага самаадчування вясной – шчодрая вітамінізацыя хай сабе і нітратнымі, затое прыгожымі, яркімі агуркамі, памідорамі, перцам… Апошні значна падаражэў і зраўняўся коштамі з мясам і рвануў далей. Напрыклад, на Маладэчанскім рынку на мінулым тыдні цана за выразку і перац зраўняліся – яны каштавалі 70 тысяч рублёў за кілю. На гэтым тыдні, піша “Рэгіянальная газета”, перац падаражэў аж да 89 900.

Паводле звестак выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак Беларусі па ўзроўні жыцця за 2015 год, кожная трэцяя (33,6%) хатняя гаспадарка адзначыла, што яе матэрыяльнае становішча пагоршылася.

І амаль для паловы (47,7%) хатніх гаспадарак, якія паказалі на пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча ў параўнанні з 2014 годам, прычынай негатыўных зменаў з’явіўся “значны рост цэн”. Быццам кошты жывуць нейкім адасобленым жыццём… Дзіўная рэч!

Між тым 10,7% хатніх гаспадарак станоўча ацанілі змены ў сваім матэрыяльным становішчы ў параўнанні з 2014 годам. І большасць рэспандэнтаў прычынай свайго “добрага жыцця” назвалі новую ці дадатковую крыніцу працоўных даходаў (або падвышэнне даходаў ад старой працы). Працагалізм – наша ўсё!

Псіхалогія бедных і заможных незалежна ад стану эканомікі?

На стабільнасць матэрыяльнага становішча паказалі 55,7%.

Звесткі ад Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Ёсць пра што паразважаць…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ