Вясна ідзе – вясне дарогу?
Вясна на падыходзе! У прыватнасці, верыць у гэта хочацца!
Хочацца цяпла і сонца, па-першае… Міжнародны жаночы дзень хутка будзем адзначаць – другое! Нашы жанчыны ўвогуле могуць спаць спакойна. З 6 па 8 сакавіка ў сталіцы будзе арганізаваны дадатковы гандаль кветкамі на адкрытых пляцоўках – цытуе газета “Звязда” інфармацыйнае агенцтва „Мінск-Навіны”. Камерцыя і без удзелу чыноўнікаў заўжды падстроіцца пад патрэбы электарату, але ж мы не можам абысціся без плану на бліжэйшую пяцігодку. То і без планаў на падзеі бягучыя – ніяк. Прыміце як факт.
Што яшчэ? Беларусь апынулася ў рэйтынгу краінаў, дзе жанчынам жыць добра. Цікава, праўда? Рэйтынг быў складзены амерыканскім часопісам US News & World Report. Аснова – апытанне, у якім прынялі ўдзел больш за 9 тысяч жанчын з 80 краін свету. Спадарыням прапанавалі ацаніць сваё жыццё ў пяці сферах: ахова здароўя, адукацыя, магчымасці знайсці працу, кар’ера, удзел у палітычным жыцці… Ва ўсіх гэтых сферах жанчыны павінны былі параўнаць свае магчымасці з магчымасцямі мужчын сваёй краіны. Параўналі. Што маем? Лепшай дзяржавай для жанчынаў была названая Швецыя. Потым ідуць Данія, Канада, Нарвегія і Галандыя… А мы на 48-м месцы. Перспектыва росту відавочна ёсць!
Незалежна ад надвор’я за вокнамі, пары года і гендэра працоўны тыдзень трэба распачынаць. Час ад часу думаеш пра змену прафесійнай сферы… Працоўнае выгаранне і ўсё такое іншае… У бягучым годзе рынак працы запатрабуе – неверагодна, але факт! – дадаць юрыстаў. Медыкі і арматуршчыкі па-за канкурэнцыяй. Затое трактарысты ўжо не так патрэбны… Ёсць пра што падумаць.