Вясновая кантрабанда
Шпакі. Сонца. Вясна… Не факт, што затрымаецца, але нават пару дзён цеплыні… Ужо прыемна! Можна жыць далей. Дыхаць свежым паветрам, кветачкам радавацца…
Дарэчы, пра кветачкі. Сакавік – час “святочнай” расліннай кантрабанды. Кветкі – самы хадавы тавар напярэдадні 8 сакавіка. У прэс-службе Берасцейскай мытні распавялі: пару дзён таму было канфіскавана больш за 1700 саджанцаў дэкаратыўных раслін. Іх везлі з Бельгіі праз беларуска-польскую мяжу з парушэннем мытнага заканадаўства.
Трохі пазней у пункце пропуску «Казловічы» затрымалі ўжо 2800 гаршкоў з ружамі і квітнеючымі кактусамі, што ехалі з Венгрыі ў Беларусь і спрабавалі нелегальна трапіць на тэрыторыю нашай дзяржавы. Лёс тавару без “пашпартоў” на суму 150 мільёнаў рублёў цяпер вырашыць суд. Пры належным паліве кактусы дакладна пратрымаюцца да лепшых часоў…
Хроніка беларускай вясновай кантрабанды, на жаль, не вычэрпваецца кветкавай тэмай. Ёсць іншыя, менш паэтычныя!
Берасцейская мытня “арыштавала” тры з паловай тысячы фенаў…
У Гародні затрымалі менчука з буйной партыяй псіхатропных рэчываў…
Лідскія памежнікі сумесна з мытнікамі знайшлі 25 тысячаў пачкаў цыгарэтаў у вагоне з угнаеннямі на чыгуначным пункце памежнага пропуску “Беняконі” беларуска-літоўскай мяжы… Польскія мытнікі не адсталі ад калег-суседзяў і знайшлі аж 185 тысяч пачкаў цыгарэт беларускай вытворчасці, схаваных у жалеза-бетоннай апоры маста. Уся гэта канструкцыя ехала з Масквы ў Польшчу. Цыгарэткі спачатку ўмуроўвалі, а потым даставалі з дапамогай будаўнічага крану і іншых, больш мініяцюрных, прыстасаванняў.
Было б здорава абмежаваць беларускія крымінальныя хронікі кантрабандай ружаў ці цыгарэтаў, але гэта, на жаль, немагчыма…
Абяцанае сіноптыкамі пахаладанне таксама нельга адмяніць – шкада.