Як справы ў нашых медыкаў?



Гэта Беларусь, дзетка! Зусім не здзіўляе недахоп медыкаў і ў горадзе, і ў вёсцы. Доктар-пенсіянер – нармалёвая сітуацыя. Сітуацыя, якая дадае ўпэўненасці пацыенту…  

Доктар на пенсіі можа не пераймацца з-за страты працоўнага месца. Па той простай прычыне, што маладыя спецыялісты даволі хутка губляюць інтарэс да працы. Чаканні маладога спецыяліста не супадаюць з рэаліямі і патрабаваннямі да яго з боку дзяржавы, грамадства, пацыентаў… Хтосьці знаходзіць баланс і застаецца, а хтосьці назаўжды сыходзіць у платныя медыцынскія цэнтры або з’язджае з Беларусі. Больш за 3 тысячы вакансій для дактароў-спецыяістаў па стане на сакавік 2019-га. Насцярожвае, праўда?

Бадай, такую агромністую дзюрку ў кадрах нельга закрыць аднымі пенсіянерамі, кінуўшы іх на амбразуру. Сітуацыя трывожная. Днямі міністр аховы здароўя Валерый Малашка распавядаў, што будуць рабіць медыцынскія чыноўнікі, каб утрымаць урачоў дома і стрымаць іх ад эміграцыі. Прагучала слова “зацікавіць”. Паабяцаў міністр і заробкі падвышаць, і даплаты за спецыфіку працы ўводзіць… Падвышэння заробкаў не раз патрабаваў і кіраўнік дзяржавы.

На жаль, усе прыгожыя словы ў адрас медыкаў застаюцца прыгожымі словамі на фоне гучнай “справы медыкаў”. І вельмі цяжка будзе маладому доктару зразумець, навошта працаваць на дзве стаўкі, браць начныя дзяжурствы, рабіць кар’еру і падвышаць майстэрства, калі потым ты апынешся на лаве падсудных і ў турме. Яшчэ ўчора паважаны хірург, а сёння – просты крымінальнік. Сёння ты – ніхто. Дадайце сюды канфіскацыю маёмасці і стрэс для ўсёй сям’і.

Магчыма, гэта статыстычная памылка – наш дэфіцыт медыкаў? Так проста іх выкідаюць з прафесіі і “сплаўляюць” у месцы не вельмі аддаленыя. Так проста кажуць “бывай!”  Быццам у чарзе стаіць тузін акадэмікаў і таленавітых хірургаў… Хабар, кажаце? Пытанне спрэчнае і нявырашанае. Дэфіцыт мазгоў – факт бясспрэчны.

Прафесіяналы не запатрабаваныя дома? Пытанняў няма – ёсць месцы, дзе імі раскідвацца не будуць. І гэта не калонія ўзмоцненага рэжыму, спадарства.      

Беларускае Радыё РАЦЫЯ