Якія могуць быць дыскусіі?



Фінансавы крізіс – не першы і не апошні ў гэтых шыротах! – адчуваецца.

Беларускі вытворца кавы “Ікартайм” ужо паўгады не выплочвае заробак супрацоўнікам,  піша Tut.by, а запасы прадукцыі на складах некаторых айчынных вытворцаў таксама ўражваюць…. Станікаў маем на 4 месяцы, а самасвалаў на цэлы год! Весела.

Між тым, ёсць айчынны бізнэс, які паспяхова працуе і забяспечвае працоўныя месцы ды заробкі працаўнікам-ўладальнікам. І ніякіх залежаў у складскіх памяшканнях!

Аграэкатурызм. Тая галіна, якая па указе кіраўніка дзяржавы № 372 павінна была знаходзіцца ў прывеліяваным становішчы аж да 2021 года, але… Спадары чыноўнікі не вытрымалі – сталі хвалявацца з-за магчымых “звышпрыбыткаў” некаторых уладальнікаў аграсядзібаў. І вырашылі, што замест адной базавай велічыні раз на год “аграсядзібшчыкі”  павінны выплочваць таксама адну, але раз на месяц. У якасці падатку на прыбытак. І гэтыя грошы многія гаспадары плаціць пагаджаюцца, але ўстрывожаныя магчымай забаронай праводзіць вяселлі ды іншыя сямейныя ўрачыстасці. І маюць падставы для трывогі, бо зазвычай беларускіх прыватнікаў абсалютна рознага накірунку проста ставяць перад фактам. Вось абавязак – выконвай…

Без мяне мяне жанілі. Якія могуць быць дыскусіі?! Не, яны могуць быць, але, пэўна, ужо не ў нашай краіне. Тут не звыклі разважаць, дыскутаваць, думаць… Ці варта рызыкаваць яшчэ адным паспяховым бізнэсам (згадаем IT) дзеля невялікай сумы падатку, які можна здзерці тут і цяпер. 200 тысяч долараў пры змене схемы падатаабкладання, як сцвярджае Валерыя Кліцунова, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”.

Чыноўнікі сцвярджаюць, што некаторыя ўладальнікі аграсядзібаў па факту займаюцца рэстаранна-гатэльным бізнэсам, а гэта ўжо зусім іншы ўзровень прыбыткаў… І гэта праўда, але хацелася б, каб улады самі трымалі слова, а потым патрабавалі трымаць слова прадстаўнікоў аграэкатурызму. Ім і так, бедным, дасталося з-за адсутнасці расейскіх турыстаў у гэтым сезоне, а тут яшчэ родная дзяржава хоча абдзерці як ліпку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ