Яшчэ адзін пайшоў…



Гэта модная фішка – падвесці вынікі года! У спадзяванні, што ён быў не найгоршы, а наступны будзе найлепшы… Што вось яшчэ мы трошачкі паднаціснем – і будзе свабода, роўнасць, братэрства! Будзем шчырымі: мы сталі бліжэй не да зносу Бастыліі і вольнасцяў французскай рэвалюцыі – мы сталі значна бліжэй да Кітаю, які дыхае ў патыліцу нашаму суседу і старэйшаму брату, пакуль той праводзіць зачыстку ў брата малодшага і ў сябе дома, выпальваючы ўсё свабоднае, разумнае і нестандартнае, пераўтвараючы ў манкуртаў свой народ і суседнія. Спадчыннікі НКУС спадзяюцца сабраць яшчэ лепшы ўраджай у 2022 годзе – мо і збяруць… Але прыйдзе год, калі запушчаны імі механізм іх жа і знішчыць. Кітайцы паспяхова зачысцілі памяць пра Цяньаньмэнь – расейцы забаранілі “Мемарыял”, але не хлебам адзіным жывы чалавек… Таварышы спадзяюцца, што аднаго хлеба хопіць. Добра. Давайце зірнём на статыстыку нобелеўскіх прэмій і нобелеўскіх лаўрэатаў.  Параўнаем тое, што атрымалі еўрапейцы ды амерыканцы і РФ ды Кітай з іншага – каштоўнаснага? –боку  барыкадаў. Параўнанне не на карысць апошніх: паслухмяныя зорак з неба не хапаюць – яны старанна абрабляюць свой надзел, не паднімаючы галавы. Дарэчы, у фінале года з’явіўся неблагі фільм – пародыя і сатыра на Штаты тут і цяпер. “Не глядзіце ўверх”. Харошая назва. Не глядзіце ўверх, бо заўважыце чарговы астэроід, які можа знішчыць нашу цудоўную вар’яцкую планету. Беражыце сябе і сваіх родных. Яшчэ маеце трохі часу. З надыходзячым, спадарства!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ