Яшчэ адзін выходны дзень у Беларусі



Магчымасць шпацыраваць на свежым паветры робіцца раскошай… Сотні затрыманых падчас нядзельных маршаў у Беларусі.

Па вялікім рахунку, усе шпацыры па выхадных пераўтвараюцца ў маршы пратэсту. Тым часам лютуе каронавірус, і маларухомы лад жыцця штурхае грамадзянаў да лішняй вагі і, адпаведна, больш складанага цячэння хваробы. Чым могуць займацца гараджане зімой? Завіснуць ля тэлевізара ці кампутара з чарговым серыялам і бутэлькай піва? На пэўным этапе гэта супакойвае, але пасля серыяльчыка рука пацягнецца навіны пагартаць, а там усё па плану: падвышэнне пенсійнага ўзросту, мінімальнага страхавога стажу, коштаў… Усё па плану, але такі план не моцна натхняе, калі зірнуць на статыстыку працягласці жыцця суайчыннікаў, асабліва беларускіх мужчынаў.

У Смалявічах міліцыянеры затрымалі ўвесь адзінаццаты клас мясцовай гімназіі. Хлопцы і дзяўчаты разам вярталіся па цэнтральнай вуліцы з рэпетыцыі выпускнога вальсу. Хлопцаў пасадзілі за краты, дзяўчат – на лаўкі, пераганялі з буса ў бус, прывезлі ў РАУС, прымушалі стаць тварам да сцяны… Пра здарэнне напісала ў фэйсбуку былая настаўніца Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец. Яна ж напісала і пра адэкватную рэакцыю жанчыны ў РАУСЕ, якая моцна здзівілася і спыталася: „Навошта вы сюды дзяцей прывезлі?” І дзяцей адпусцілі. Гісторыя мела працяг: бацькі школьнікаў пайшлі ў міліцыю разбірацца. І ім сказалі, што дзеці былі затрыманыя за лаянку ў публічных месцах… То бок за нецэнзурную лексіку быў затрыманы самы моцны ў Смалявіцкім раёне выпускны клас, дзе пяць чалавек прэтэндуюць на залаты медаль? Пэўна, таварышы, што іх затрымлівалі, спяць з вершамі Купалы ці Пушкіна пад падушкай… Не, хутчэй яны не могуць адарвацца ад вершаў Быкава!

Прамінуў яшчэ адзін выходны дзень у Беларусі… А хтосьці драмаў з півам пад серыяльчык… Чарка, скварка і свая гаспадарка – усё як мае быць!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ