За аптымізм!



Восень. Пара падводзіць вынікі. Белстат не парадаваў: упершыню за сем месяцаў у Беларусі знізіўся сярэдні заробак… Такі знізіўся. Нечакана. На цэлых 13 рублёў 10 капеек.

Сярэднестатыстычны беларус не мог не расстроіцца, і толькі сярэднестатыстычны пенсіянер можа спаць спакойна. І нават парадавацца.

17 кастрычніка кіраўнік дзяржавы падпісаў указ №377 „Аб падвышэнні пенсій”. Дакумент прадугледжвае правядзенне з 1 лістапада 2017 года пераразліку працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы ў рэспубліцы. Што маем? Працоўныя пенсіі павінны вырасці на 5% з лістапада месяца, хоць заробкі працоўных зменшыліся насуперак указу. Указы дрэнна спалучаюцца з эканамічнымі механізмамі, але спалучыць іх спрабуюць з нязгасным энтузіязмам. Без каманды войска гіне… Пэўна, з эканомікай тая ж гісторыя. У нашых шэрых шыротах.

Прасцей жыць не думаючы пра ўзрост. І тут будуць вельмі дарэчы парады акадэміка Наталлі Бехцеравай. Эмоцыі важней за ўсё! Станоўчыя, пазітыўныя эмоцыі. Думайце пра добрае, спадарства, утрымлівайце душэўны баланс – і будзе вам шчасце. Не менш важная рэч – змена відаў дзейнасці: сёння вышываем крыжыкам, а заўтра варым боршч. Яшчэ маем кнігі і музыку… Галоўнае, каб вашай пенсіі ці заробку хапіла на пазітыўны мінімум. Лічыце самі, шаноўныя!

Рашэнне гэтай задачы вымагае шмат высілкаў, затое трэніруе працу шэрых мазгавых клетачак, што таксама плюс. Жыццё цудоўнае!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ