Залаты запас



Залаты запас нашай краіны вырас аж на цэлую тону – інфармацыя Нацбанка Беларусі.

Сайт гэтай паважанай установы нагадвае, што сама наяўнасць залатога запасу падтрымлівае давер рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў Беларусі да здольнасці Нацыянальнага банка і ўрада выконваць фінансавыя абавязальніцтвы і праводзіць манетарную палітыку. Залаты запас у любой гаспадарцы – справа добрая, а пытанне даверу, бадай, вырашальнае ў многіх фінансавых аперацыях. На макра і мікраўзроўнях.

Вось у Маскоўскай вобласці суседняй РФ затрымалі айчыннага махляра. Ураджэнец Менска з 2017 года знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку з-за махінацый, звязаных з крэдытамі, каштоўнымі паперамі і маёмасцю. Вырашаецца пытанне пра вяртанне да родных пенатаў – экстрадыцыю. МУС паведамляе: з 2013 па 2017 гады таварыш упрошваў сваіх знаёмых браць пазыкі, абяцаў сплочваць па іх грошы, але не плаціў. Страты агулам ацэнены ў 55 тысяч беларускіх рублёў (22 з паловай тысячы еўра). У пачатай крымінальнай справе маецца 11 эпізодаў і 7 пацярпелых.

Газета “Звязда” піша пра падобную гісторыю. Тры гады пазбаўлення волі (папраўчая калонія агульнага рэжыму) і 300 базавых велічынь штрафных выплат атрымаў жыхар Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Ён прымушаў людзей жабраваць… Са студзеня 2017 года да красавіка 2018-га мужчына зарабіў 47 тысяч рублёў на людзях, якія псіхалагічна ад яго залежалі. Без пэўнага месца працы… Ад дзеянняў махляра пацярпелі дзевяць чалавек. Большасць з іх – жанчыны ва ўзросце да 35 гадоў. Адна з пацярпелых звярнулася ў міліцыю і заявіла, што мужчына патрабуе за яе свабоду тысячу долараў. Вось такі кошт свабоды… Была пачата крымінальная справа.

Залаты запас нашай краіны – людзі, але не ўсім варта давяраць свае грошы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ