Заможныя аматары зніжак



Жыццё на месцы не стаіць… І кожны новы дзень рыхтуе нам сюрпрызы!

Рэальныя грашовыя прыбыткі беларусаў за студзень-верасень бягучага года выраслі на 6, 8 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года – пазітыўная інфармацыя ад Белстату! Па аптымістычным паказчыку нашых уладаў за 3 квартал дадзены паказчык павінен “падрасці” яшчэ на 3, 1% – пачакаем!

Тым часам пакупніцкія здольнасці суайчыннікаў у пераліку на гарэлку ды свініну таксама выраслі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Праўда, заможныя па-ранейшаму багацеюць хутчэй за бедных – выснова ад знаўцаў з даследчыцкага цэнтра BIPART і праекту “Кошт ураду”. Менавіта яны правялі чарговае даследванне індэксу “ЧаркаШкварка”.

Тым не менш, якімі б заможнымі людзі не выглядалі, чароўнае слова “зніжка” заўжды прыцягвае. Зніжкі – наша ўсё! Жаданне набыць танней патрэбную рэч выганяе беларусаў на закупы ў Вільні ці Беласток, што цудоўна праілюстравалі прамінулыя “вялікія выходныя”. Зрэшты, свабода пашвэндацца па вулачках старога места таксама мае свой кошт… Але пакінем убаку абстрактныя рэчы!

Грошы і зніжкі – размова пра гэта! Падчас усё можна знайсці дама… Так у дзень парламенцкіх выбараў 17 лістапада толькі на выбарчых участках Меншчыны запланавана праца 1150 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Адзіны дзень зніжак – гэта зусім не жарт! У сталічнай вобласці 17 лістапада аб’яўлены адзіным днём зніжак на прадукцыю (ад 10 да 30%). Нехарчовыя тавары – да 20%. Кулінарыя – ад 50 да 70%. Не забыліся і пра гульнявыя атракцыёны для дзяцей ды розыгрыш бяспроігрышных латарэй для дарослых.

“Усё для зручнасці жыхароў” – адкаментавала газеце “Звязда” Таццяна Шаўцова, загадчык галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Менаблвыканкама… Яно і насамрэч! А той, хто прагаласаваў датэрмінова, хай цяпер локці сабе кусае! Паддаўся на “правакацыю” і страціў цудоўную магчымасць далучыцца да народнага свята… Выбары здараюцца не кожны дзень, праўда ж? То варта і пра візы падумаць… Тым, хто яшчэ не…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ