Зарабіў, як Заблоцкі на мыле



Няведанне закону не дае права яго не выконваць – такі сабе доўг, а даўгі трэба вяртаць рана ці позна. Тэарэтычна ўсё проста і зразумела, але… Жыццё падкідае спрэчныя выпадкі. Адзін з такіх выпадкаў здарыўся ў Гомелі.

Тут маладая жанчына, якая сядзела ў дэкрэце з двума дзеткамі шасці і двух гадоў, вырашыла не тое падзарабіць, не тое галаву праветрыць… У выніку спрацавала старая, добрая прыказка… Дакладней, цэлых дзве прыказкі! “Зарабіў, як Заблоцкі на мыле” і “Не мела баба клопату – купіла парася!”

Па прафесіі спадарыня Алеся з Гомеля – трэнер-выкладчык па баскетболе. Вось і вырашыла выйсці ў якасці суддзі на пару матчаў, распавядае інтэрнэт-партал Tut.by. За адну гульню плацілі прыкладна 13 рублёў. Чэмпіянат Беларусі па баскетболе. За ўвесь час такіх падпрацовак зарабіла Алеся 220 рублёў (прыкладна 16 матчаў!), а засталася павіннай дзяржаве за ўсё гэта значна больш – 2000 рублёў. Па той простай прычыне, што дамова падраду на судзейства была заключаная яшчэ да сыходу трэнера і кандыдата ў майстры спорту ў дэкрэт, а дэкрэт, як вядома, – гэта новае жыццё. Падпрацоўваеш? Аўтаматам губляеш 50 % ад выплаты па догляду за дзіцём да 3 гадоў.

Усё законна. Ад Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва не схаваешся – прыдзецца плаціць даўгі рана ці позна… Дарэчы, пра даўгі! Ці ведалі вы, шаноўныя, што цяпер мы можам сачыць за сваімі даўгамі і штрафамі ў рэжыме рэальнага часу? Заходзіш на сайт http://minjust.gov.by/clientvip/, уводзіш імя, імя па бацьку, прозвішча, пашпартныя дадзеныя – і даведваешся, што і каму ты павінен. Праўда, адлік ідзе ад жніўня месяца 2017 года. Вось так і жывем – аддаем даўгі…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ