Заробім на здаровы лад жыцця?



Усё добрае хутка заканчваецца – скончыліся і “вялікія” навагодне-калядныя выходныя. Як сказала знаёмая дзяўчынка-выдатніца: “Канікулы – гэта добра, але мне іх было малавата”.

Дарослыя павінны ўжо звыкнуць да такіх пертурбацый лёсу як “кароткія” доўгія канікулы, але і ім будзе няпроста “ўязджаць” у першы насамрэч працоўны тыдзень у Беларусі. Яшчэ і таму, што за святы мы патрацілі шмат грошыкаў, а наступных фінансавых паступленняў яшчэ трэба дачакацца. І зусім  не прымусілі сябе чакаць навіны пра… кошты!

На 20% выраслі цэны на газ, электрычную і цеплавую энергію. Адпаведная пастанова ўрада, якая набыла моц 1 студзеня 2015 года, была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

З 12 студзеня даражэе праезд у міжгародніх аўтобусах. Інфармацыя пра новыя тарыфы размешчана на афіцыйным сайце Менсктранса. Кошты на квіткі міжгародніх маршрутаў вырастуць у сярэднім на 10%. Павышэнне тарыфаў закране звычайныя і хуткасныя маршруты. Рух! Жыццё не стаіць на месцы, як і аўтобусы.

Айчынная дзяржаўная медыцына таксама не патаннела: маем новыя кошты на дыягностыку і медыцынскія даведкі. Напрыклад, здаць кроў з пальца для ўсяго спектра гематалагічных даследаванняў (агульны аналіз крыві) будзе каштаваць Br6 тыс. (раней – Br5 тыс.), з вены – Br8 тыс. замест Br6 тыс. Дробязь, але… Па вялікім рахунку, хварэць нявыгадна ў любой краіне свету  – мы не выключэнне.

Будзьце здаровыя ў 2016-м, спадарства! Мысліце пазітыўна і ешце вітамінкі! Цікавае тэматычнае параўнанне ў сувязі з гэтым дае “Рэгіянальная газета”. За прамінулы год лімоны і перац падаражэлі больш, чым на палову,  кава за год даражэла двойчы, а алей – аж дзевяць разоў. Мысліць пазітыўна, каб паспець зарабіць на здаровы лад жыцця, – бадай, самае актуальнае пажаданне ў нашых шыротах… То ўдачы!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ