Жакевіч. Няпросты шлях да беларускага чытача



У цёмныя часы прасцей убачыць светлых людзей. Цёмныя часы – час для працы над светлымі кнігамі… Адзіны нюанс – такія часы не заўжды спрыяюць піяру вартых праектаў.

Так здарылася і з выданнем “Віленскага трыпціху” Збігнева Жакевіча. Над перакладам кнігі на беларускую мову з польскай даўно і самааддана працавала Таццяна Кляшчонак. Выдадзена кніга невялікім накладам, дзякуючы ахвяраванням будучых чытачоў, энтузіязму перакладчыцы і выдаўца Рамана Цымберава. Кніга выйшла, але з-за эпідэміі каронавіруса не можа шырока рэкламавацца… Ды і не толькі па прычыне эпідэміі – усё няпроста ў нашых шэрых шыротах… Зрэшты, варта згадаць часы Жакевіча – і разумееш, што яму было ўвогуле цяжка. І каб не выезд у Польшчу ў 1946 годзе, то хутчэй за ўсё трапілі б яны з маці ў менш прыемныя мясціны, чымсьці польскі горад Лодзь. Тут была кватэрка ў падвальным памяшканні, пенсія і магчымасць вучыцца. Тут не было голаду…

Прэзентацыя “Віленскага трыпціху” прайшла ў Менску падчас фестываля “Прадмова”, потым была прэзентацыя кнігі на сядзібе Беларускага саюзу палякаў… Але ўсё гэта эпізадычныя, кароткія сустрэчы. Прэзентацыі ў Смаргоні, Ашмянах, Маладэчне ды іншых гарадах былі адмененыя… Збігнеў Жакевіч – аўтар няпросты, і яму патрэбна значна больш часу для таго, каб знайсці дарогу да сэрца і розуму свайго чытача! І тут не зашкодзіла б правесці яшчэ пару анлайн-сустрэчаў. Граўжышкі (тут жыве перакладчыца Таццяна Кляшчонак!) гатовыя выйсці на сувязь – дзякуй сучасным тэхналогіям!…

А пакуль стаіць шэрая беларуская зіма…Таццяна Іванаўна накідае кажушок на плечы, запальвае печку ды працуе ў сваёй бібліятэцы. П’е каву і шукае па ўсім свеце новыя звесткі пра род Агінскіх або свайго ўлюбёнага аўтара – Збігнева Жакевіча. Чакае свайго часу (зацікаўленых выдаўцоў і чытачоў не меней!) аповесць Жакевіча “Гданьскія Смаргоні” – апісанне сустрэч жыхароў Смаргоншчыны, якія выехалі пасля вайны ў Польшчу. Выбар паміж магчымай высылкай, голадам і вечным сумам па родных абшарах дзяцінства – выбар няпросты… Ці не занадта часта вымушаны яго рабіць тутэйшыя?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ