Жанчыны, якія пішуць кнігі



Прэмія імя Ежы Гедройца – адна з самых значных і “гарачых” тэмаў у белліце. Неўзабаве даведаемся, хто ж атрымае Гедройца сёлета… І жаночая літаратура гучыць моцна.

У кароткі спіс трапілі кнігі дзвюх пісьменніц, якія пабачылі свет дзякуючы выдавецкай ініцыятыве “Пфлямбаўм” – “Па што ідзеш, воўча?” Евы Вежнавец і “Райцэнтр” Тані Скарынкінай. Шыкоўная проза для аматараў добрай літаратуры. Дзве кнігі дзвюх розных пісьменніц як два полюсы. Горад і вёска (мястэчка, хутар…) Гумар і трагедыі… Зрэшты, яны заўжды побач. І гэта была геніяльная ідэя – выдаць такіх розных пісьменніц адначасова і даць чытачу магчымасць адчуць смак мовы ў розных яе варыяцыях. Беларусь не малая краіна, і яна вельмі розная. На поўдні і на поўначы, на ўсходзе і на захадзе – паўсюль свае моўныя залацінкі, свае гісторыі, размовы, прымхі.

На фоне спрэчак пра Гедройца былі заўважныя і спрэчкі пра жаночую долю! Маўляў, жанчына-пісьменніца знікае ў шлюбе – ці насамрэч гэта так? “Так!” – казалі адныя. “Глупства!” – кпілі іншыя… А што насамрэч? Жанчыне ў Беларусі цяжэй рабіць кар’еру, маючы ў нагрузку сямейны побыт, – гісторыя  даўняя, але… Калі жанчына-пісьменніца знікае ў шлюбе, то ці не знікае жанчына ў самоце таксама? Дзе мяжа, за якой гублецца тое, што не варта губляць? Напэўна, беларуская жанчына тут і цяпер знаходзіцца ў пошуку душэўнага і жыццёвага балансу, што і ў літаратуры адлюстроўваецца. Чалавек не павінен быць адзін, то беражыце сябе і сваіх блізкіх у шэрым лістападзе!

І так, чытайце кнігі. Спрачайцеся. Вежнавец і Скарынкіна вам у дапамогу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ