Жыццё не фэст. Дзіўны гэты свет…



У самую апошнюю сераду жніўня месяца ў іспанскім горадзе Буньёл адбываецца “Тамаціна” – штогадовы “Таматны фестываль”, прысвечаны сыходзячаму лету…

У 11 гадзін з гарадской ратушы запускаецца петарда – сігнал да пачатку дзейства. І вось у цэнтры места ўжо з’явіліся грузавічкі са спелымі памідоркамі і ахвотныя імі пакідацца. Весела… Мо, нашым фермерам варта браць прыклад з жыццярадасных іспанцаў? А то ўсё плачуцца, што таматы прападаюць з-за нізкіх закупачных коштаў. Маўляў, дзяржава нас не падтрымлівае… Як жа не падтрымлівае? Вось і кіраўнік дзяржавы падчас візіту ў Іўе падтрымаў мясцовы памідорны фестываль і паабяцаў наступным разам прыехаць… Аптымізм – наша ўсё. І вера ў тое, што там, наверсе, як разбяруцца, то дапамогуць.

Вось і адзін мазырскі вазочнік напісаў ліст прэзідэнту. Расказаў, што кожны панядзелак ён вымушаны выходзіць на вуліцу праз акно другога паверха. І гэта не звязана з нейкімі дэпрэсіўнымі думкамі панядзелка, спадарства! Зусім не. Проста адзін хлопец жыве ў старым драўляным бараку на другім паверсе, а перамяшчацца ў прасторы ён можа толькі на інвалідным вазку. На важкім электравазку (ды і сам хлопец даволі мажны!) А па панядзелках да вазочніка можа прыйсці чалавек, які здольны кіраваць самаробнай лябёдкай і праз акно другога паверха, абмінаючы лесвіцы ў старым пад’ездзе, перамяшчае Віталя Кавалёва на цвёрдую глебу. Падыхаць свежым паветрам!

Віталь жыве ў старой частцы раённага цэнтра, на другім паверсе барака, які стаіць тут ужо 80 год… Чаму? Іншая гісторыя. Нам не вядомая. Вядома адно: сем гадоў мазырчук мае інваліднасьць і не можа выйсці на вуліцу. Перамовы з мясцовымі ўладамі і сацыяльнымі службам пра патрэбу ў пад’ёмніку пазітыўнага выніку не далі. Адказ адзін – у старым драўляным доме гэта зрабіць немагчыма… А другога дома няма.

То застаецца толькі пісаць лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта, сфатаграфаваўшы папярэдне, свой неардынарны квэст пад назвай “Падыхаць свежым паветрам”. Запытаў вышэй, як жыць далей… Хто што адкажа? Ці будзе ў гісторыі працяг?

Дзіўны гэты свет…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ