Зіма. Вечары сустрэч у новым фармаце



Жыццё працягваецца. Ідзем далей у зіму… Прыгажосці і непрадказальнасці Смаргоншчыне дадаў снежны цыклон Ларс, хоць зачапіў нас толькі краем.

Традыцыйна ў першую суботу лютага месяца ў школах Беларусі праходзяць вечары сустрэчы выпускнікоў. Сёлета ўжо немагчыма ігнараваць эпідэмію каронавірусу, таму і ў Смаргоні, і ў суседніх раёнах прапаноўваецца нестандартны фармат правядзення такіх вечароў. Спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы Смаргонскага раёна нагадалі пра масачны рэжым і прапанавалі правесці вечары сустрэчы анлайн .

У школах Вілейшчыны зладзяць вечары сустрэч, але з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі яны пройдуць у новым фармаце. У райвыканкаме прапанавалі запрасіць толькі юбілейныя выпускі. У школе складуць графікі так, каб кожны выпуск прыходзіў да пэўнага часу. Для кожнага будзе выдзелены асобны клас на першым паверсе, а пазней памяшканні прадэзінфіцыруюць. На вахце наведвальнікам будуць мераць тэмпературу. Традыцыйных канцэртаў не будзе, але вучні запішуць прывітальныя відэа-ролікі для юбіляраў… Прыемна, канешне.

Па вялікім рахунку, вечары сустрэч сёлета могуць справакаваць не толькі пашырэнне эпідэміі ковід-19, але віхуру спрэчак пра бягучыя падзеі ў краіне. Многія аднакласнікі апынуцца па розныя бакі барыкадаў: кагосьці зачапілі асабіста, іншым не ўсё адно, а рэшту ўсё задавальняе. Спрагназаваць працэнт згодных і нязгодных немагчыма.

І ў Смаргоні, і ў Маладэчне, прайшлі або пройдуць суды, дзе землякі глядзяць адзін на аднаго праз краты. І гэта страшна – сведчыць пра былога настаўніка або аднакласніка, ведаючы, што сваімі паказаннямі ты адпраўляеш чалавека ў турму не на адзін год. У малым горадзе ўсе адзін аднаго ведаюць: тут дробязей няма, таму насамрэч давайце сустракацца анлайн, шаноўныя! І нават анлайн, дарагія аднакласнікі, думайце, што і як вы кажаце або пішаце, бо гэта можа быць скарыстана супраць вас. Сёння або заўтра.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ