Знайсці выйсце
У кожнага з нас маюцца свае ў жыцці прыярытэты, мары і дэфармацыі прафесійныя…
І вось, калі ты ідзеш на нейкае больш-менш цікавае мерапрыемства, то міжволі думаеш, што ты будзеш мець з гэтага як журналіст. Асабліва, калі ты – журналіст-фрылансер. Вось проста так схадзіць паслухаць музыку ці вершы? І нічога не зрабіць пазней? І нават не паспрабаваць паразмаўляць з паэтам ці музыкам? Матэрыял для сайта або навіну для эфіру не зрабіць? Сумленне загрызе ды і ганарары на дарозе не бадзяюцца. Карацей, у журналістаў маюцца свае прафесійныя дэфармацыі. Тое ж самае з настаўнікамі ці медыкамі, але ў іх маюцца свае “прусакі” – паглыбляцца не будзем!
Карацей, усё па плане. Ідзеш на патрэбнае мерапрыемства, мяркуеш, з кім сустрэнешся і паразмаўляеш. Толькі вось схаладала – капрызы надвор’я ніхто яшчэ не адмяняў… А камары травеньскім вечарам кусаюцца быццам у ліпені, не шкадуючы прысутных аматараў мастацтва і гісторыі. І вось тут лагічна зайсці ў кавярню, што знаходзіцца побач, сагрэцца ды замовіць гарбаты, але ж ты – журналіст-фрылансер на інвалідным вазку – ведаеш, што зайсці зможаш, а “выйсці” – не. Парогі! Такая вось фішачка мясцовага дызайну. І прыйдзецца псаваць свята ды такі прасіць кнігу скаргаў і прапановаў, каб пажаліцца, – маўляў, спадарства, адрэагуйце ў рэшце рэшт ды падпраўце пандус! Ну, прыйдзецца, а то камары ўшчэнт пакусалі. Заязджаеш і… Разумееш, што пандус зрабілі і выехаць таксама можна.
Прайшоў год і вось – адрэагавалі на твае вусныя просьбы, ура! Шчыры дзякуй – нават булкі ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага сталі смачнейшыя! У кожнага свае жыццёвыя дэфармацыі, спадарства! І так прыемна падчас не быць танкам у абароне правоў сваіх. Стамляе.