“Звязда”



За апошнія 26 год шмат усяго адбылося і шмат да якіх рэчаў мы прыцярпеліся.

Вольная і прымусовая падпіска – адна з такіх гісторый… Але да пэўнай мяжы дзяржаўная газета “Звязда” заставалася ў межах прыстойнасці. Адзіная штодзённая газета на беларускай мове. Так, шмат афіцыёзу, але яшчэ больш цікавых матэрыялаў адукацыйнай, культурніцкай, гістарычнай, літаратурнай тэматыкі. Шмат харошых людзей. Шмат добрых фота. Таму “Звязда” і з’ехала па тыражах, што не была агрэсіўным рупарам дзяржаўнай прапаганды. І вось цяпер прыйдзецца выбіраць.

У сераду прыйшло адразу два нумары газеты “Звязда” (за 18 і 19 жніўня) і “Аргументы і факты ў Беларусі”. Як думаеце, дзе было больш праўдзівых матэрыялаў пра наша жыццё тут і цяпер? Пра дапамогу затрыманым і скалечаным? Пра чарговую “не элегантную” перамогу самі-ведаеце-каго (імя страшна называць, бо яшчэ не з’явіўся наш Гары Потэр!)? Безумоўна, у расейскіх “Аргументах”, дзе працуе прагрэсіўная беларуская рэдакцыя. А “Звязда” – суцэльны афіцыёз і процьма кветак ды культурніцкіх матэрыялаў, што выглядаюць абсалютна недарэчы. Быццам еўрарамонт у менскім гета часоў Другой сусветнай.

Чакаем нумар “Звязды” за 20 жніўня. Журналісты абяцалі забастоўку і праўдзівы нумар. Дай Божа пачутае ўбачыць. А сем’і карміць трэба ўсім. Журналісты з недзяржаўных СМІ таксама пра гэта не могуць забыць, але ж неяк трымаюцца ўвесь гэты час. І з голаду не памерлі, і сумленне захавалі. А так, канешне, усе мы розныя, са сваімі плюсамі і мінусамі. І дыялог павінен быць. З тым, чыё імя гучыць прыстойна, з тым, каго не страшна называць.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ