“Зжылася з зямлёю, у дрэвы ўрасла…”
Лета, канікулы, адпачынкі… Стань пасярод вуліцы і запытай мінакоў пра вершы ды вядомых ім паэтаў, доўга будуць згадваць, што ж звер такі – паэт, асабліва паэт беларускі!
У такой сітуацыі любая гучная размова пра беларускую паэзію і беларускіх паэтаў пойдзе на карысць нашай літаратуры. Добрыя вершы заслугоўваюць добрага слова. Чаму не?
У інтэрнэце стартавала кампанія за рэабілітацыю Ларысы Геніюш. Моладзь БНФ пачала кампанію за рэабілітацыю беларускай паэтэсы і грамадскай дзяячкі. Пятага ліпеня стартаваў першы этап. Сабрана ўжо каля 200 подпісаў. Старонка кампаніі “Укантакце” паведамляе, што пачаўся збор подпісаў, якія потым будуць перададзеныя ў Генеральную пракуратуру ды Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.
Таксама Моладзь БНФ плануе звярнуцца ў Міністэрства адукацыі і дамагчыся ўключэння твораў Ларысы Геніюш у школьную праграму. Адначасова будуць працаваць са школьнікамі, ладзіць літаратурныя чытанні, вечарыны і паездкі на радзіму Геніюш. У перспектыве маем усталяванне помніка і ўшанаванне памяці паэтэсы шляхам перайменавання вуліцы ў гонар Ларысы Геніюш. Моладзь БНФ заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучацца да кампаніі, ставіць свой подпіс і сачыць за навінамі. Падпісацца зараз можна ў офісе Партыі БНФ, на адмысловых пікетах у Менску, Гомелі, Берасці, Воршы і Магілёве. Усе навіны будуць публікавацца пад хэштэгам #Геніюш2016.
Планы добрыя, па сутнасці. Ёсць магчымасць больш актыўна размаўляць з людзьмі, ставіць пікеты – чарговыя выбары… Парламенцкія. Беларускай літаратуры піяр не зашкодзіць у любым выпадку. І ўсё ж узнікае адчуванне, што мы апраўдваемся, просячы рэабілітацыі для Геніюш. Хто судзіў і за што? За любоў да радзімы і мовы? Да мужа? Ларыса Геніюш – талент, і назаўжды застанецца талентам ды сумленнем беларускім.
Зжылася з зямлёю, у дрэвы ўрасла,
Пераплялася з травою і кветкамі…
Так Геніюш пісала пра мову. І так яна сама перепляла свой лёс з лёсам Беларусі.